Міхаіл Мясніковіч абраны старшынём Савета Рэспублікі



На сёмай пазачарговай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання тайным галасаваннем новым старшынём палаты тэрытарыяльнага прадстаўніцтва беларускага парламента абраны Міхаіл Мясніковіч. За абранне Мясніковіча старшынём Савета Рэспублікі прагаласавалі ўсе ўдзельнікі пасяджэння.

“Як палата, так і яе старшыня ў Беларусі не выбраны, а прызначаны”, –  кажа першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч:

Мясніковіч – гэта дасканалы арганізатар. Ад яго можна чакаць усяго. Я добра ведаю яго біяграфію, на чым ён стварыў свой пачатковы капітал. І калі казаць пра чалавечую годнасць, то тут ёсць вялікія праблемы. А што да ўмення працаваць, то ён умее працаваць, як і ўмее дагаджаць.

Членам Савета Рэспублікі былы прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч быў прызначаны ўказам прэзідэнта ў канцы снежня 2014 года. На пасадзе старшыні верхняй палаты парламента Мясніковіч змяніў Анатоля Рубінава, які ўзначальваў Савет Рэспублікі з мая 2010 года.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота mogilev.by