Мясніковіч: Інтэграцыя на прынцыпах суверэннай роўнасці краін
Дарожныя карты інтэграцыі Беларусі і РФ трэба распрацаваць на прынцыпах суверэннай роўнасці краін-удзельніц. Аб гэтым 2 кастрычніка на адкрыцці асенняй сесіі Савета Рэспублікі заявіў яго старшыня Міхаіл Мясніковіч.
Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што дзейнасць парламента павінна ўлічваць падыходы па паглыбленні інтэграцыі з Расеяй, сфармуляваныя ў абноўленай праграме дзеянняў. „Савет Рэспублікі прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы гэтага дакумента. Ураду, Нацыянальнаму банку з удзелам парламентарыяў і іншых зацікаўленых трэба распрацаваць больш за 30 беларуска-расейскіх дарожных карт, якія рэгулююць сацыяльна-эканамічную дзейнасць у Саюзнай дзяржаве, на прыцыпах суверэннай роўнасці дзяржаў-удзельніц”, – падкрэсліў спікер.
Значны аб’ём работы трэба будзе выконваць дзеючаму шостаму скліканню Савета Рэспублікі, з улікам устаноўленых прэзідэнтамі Беларусі і Расеі тэрмінаў – снежань 2019 года.
Міхаіл Мясніковіч нагадаў, што летам у Санкт-Пецярбургу адбыўся VI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі. „Ужо традыцыйны ўдзел у форуме Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна не толькі напоўніў новай якасцю і зместам міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне, але і ўключыў гэта мерапрыемства ў шэраг важнейшых палітычных падзей беларуска-расійскага парадку дня”, – сказаў старшыня Савета Рэспублікі.
Форумы рэгіёнаў Беларусі і Расеі сталі добрым прыкладам для наладжвання больш цеснага супрацоўніцтва з іншымі краінамі, лічыць ён. Па ініцыятыве Савета Рэспублікі ў ліпені ўпершыню такі форум арганізаваны з Узбекістанам. Члены Савета Рэспублікі таксама прынялі актыўны ўдзел у беларуска-польскім форуме „Добрасуседства-2019”. Гэтыя мерапрыемствы, на думку спікера, сталі буйнымі перагаворнымі пляцоўкамі, работа якіх садзейнічала ўмацаванню міжрэгіянальных эканамічных і гуманітарных сувязей.