Мясніковіч падаў у адстаўку з пасады старшыні Савета Рэспублікі
Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч падаў у адстаўку — за яго адстаўку прагаласавалі ўсе прысутныя ў зале чальцы верхняй палаты Нацыянальнага сходу.
У сваім заключным слове Мясніковіч падзякаваў прысутным за сумесную працу і акцэнтаваў увагу на тым, што наступны год будзе важным для краіны.
„Старшынства Беларусі ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза ў 2020 годзе павінна надаць імпульс развіццю гэтага рэгіянальнага аб’яднання. ЕАЭС павінен стаць паўнавартасным эканамічным саюзам з роўнымі ўмовамі для ўсіх удзельнікаў. Наперадзе вялікая праца па фарміраванні агульнага рынку тавараў і паслуг без выключэнняў і абмежаванняў”, — сказаў ён.
Паводле слоў Мясніковіча, „трэба павышаць прэстыж ЕАЭС, узмацняць яго ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці дзяржаў-членаў”.
Як паведамлялася раней, у канцы лістапада Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Мясніковічам паведаміў, што дзяржава прапануе яго кандыдатуру на пасаду старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі — наднацыянальнага органа, які рэгулюе дзейнасць ЕАЭС.
„Вядома, мы думалі над тым, каго ж рэкамендаваць. Праўда, і жадаючыя былі. Але я лічу, што гэта вам пад сілу, толькі вам, — сказаў Лукашэнка. — Таму што ўсе кандыдатуры, якія мне давялося разглядаць, яны слабейшыя, менш дасведчаныя, менш дыпламатычныя. У вас усе гэтыя якасці ёсць”.
Міхаіл Мясніковіч у 1995—2001 гадах займаў пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, у 2001—2010 гадах кіраваў Нацыянальнай акадэміяй навук. З 2010 па 2014 год быў прэм’ер-міністрам Беларусі, у 2015—2019 гадах працаваў старшынёй Савета Рэспублікі.
belapan.by
Фота Яны Лапікавай