Мясніковіч пра актывізацыю супрацы з Польшчай
Беларусь і Польшча рыхтуюць новыя праграмы двухбаковай супрацы да 2027 года, паведаміў журналістам старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч 7 чэрвеня ў Менску на XXII Беларуска-польскім эканамічным форуме „Добрасуседства”.
„Мы дамовіліся аб асноўных падыходах па новых праграмах. Яны будуць вырашаць пытанні не толькі трансгранічных праектаў, але і адукацыйных, камерцыйных. Я думаю, што ў нас добрая перспектыва, і мы ў гэтым плане, безумоўна, будзем прырастаць і тавараабаротам, і чалавечымі кантактамі , і маладзёжнымі праектамі”, — адзначыў спікер верхняй палаты.
Ён нагадаў, што дзеянне праграм, у рэалізацыі якіх удзельнічаюць Беларусь і Польшча, у тым ліку праграм трансгранічнага супрацоўніцтва, завяршаецца ў 2020 годзе. „Гэта праграмы фактычна Еўрасаюза, Беларусі і Украіны. І мы дамовіліся, каб ужо сёлета пачаць падрыхтоўку новай праграмы пасля 2021 года, але ўжо на двухбаковай аснове”, — дадаў Мясніковіч.
Паводле слоў старшыні Савета Рэспублікі, новыя праграмы — „гэта новыя надзеі”. „І яны, сапраўды, абумоўлены яшчэ і тым, што цяперашнія праграмы супрацоўніцтва фарміраваліся ва ўмовах, калі з боку Еўрасаюза былі да Беларусі ўведзеныя пэўныя санкцыі. Гэта не давала магчымасцяў шырока разгарнуць праграмы і праекты. Цяпер ідзе агульнае пацяпленне, і мы ў гэтым плане разлічваем, што новая праграма будзе, безумоўна, больш насычанай”, — сказаў ён.
Маршал сената (верхняй палаты) парламента Польшчы Станіслаў Карчэўскі адзначыў, што палітычны дыялог садзейнічае развіццю эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі. „Палітычныя гутаркі, палітычныя рашэнні вельмі важныя для таго, каб затым размаўляць аб гандлёвым, эканамічным абмене, інвестыцыях. Для нас вельмі важна, каб гэты дыялог, гэта супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі развіваліся, — падкрэсліў ён. — Наш дыялог развіваецца на шляху да яшчэ больш глыбокага супрацоўніцтва. Нас аб’ядноўвае не толькі бізнес, не толькі гандаль, а нешта большае”.