Мясніковіч прыбыў у Анкару на інаўгурацыю Эрдагана
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч і выконваючы абавязкі спікера Парламента Турцыі Ісмаіл Кахраман абмеркавалі развіццё міжпарламенцкага супрацоўніцтва.
У прыватнасці, размова ў час сустрэчы ішла аб стварэнні ў парламенце Турцыі пасля праведзеных нядаўна выбараў групы дружбы з Беларуссю. Абмяркоўваліся таксама пытанні арганізацыі візіту ў Менск да канца года новага спікера парламента, выбары якога павінны адбыцца ўжо 13 ліпеня. На гэту пасаду вылучаны цяперашні кіраўнік урада Біналі Йылдырым, а пасада прэм’ер-міністра, згодна з унесенымі ў Канстытуцыю папраўкамі, будзе скасавана.
Міхаіл Мясніковіч прасіў турэцкі бок пасадзейнічаць хутчэйшаму ўзгадненню праекта пагаднення аб прызнанні дыпломаў аб вышэйшай адукацыі і падзякаваў Ісмаілу Кахраману за асабісты ўклад ва ўмацаванне беларуска-турэцкага супрацоўніцтва.
„Гутарка ў цэлым прайшла ў вельмі цёплай атмасферы”, – адзначылі ў пасольстве.
У сваю чаргу Ісмаіл Кахраман паабяцаў перадаць усе агучаныя просьбы і змястоўнае напаўненне праведзенай гутаркі свайму пераемніку.
* * *
У Анкары 9 ліпеня адбудзецца цырымонія інаўгурацыі Прэзідэнта Турэцкай Рэспублікі Рэджэпа Таіпа Эрдагана, паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Турцыі.
У якасці кіраўніка беларускай дэлегацыі ў цырымоніі інаўгурацыі прыме ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч. Запланавана яго сустрэча з Ісмаілам Кахраманам, які выконвае абавязкі спікера Парламента Турцыі да выбрання новага спікера 13 ліпеня 2018 года.
Праграма знаходжання Міхаіла Мясніковіча таксама прадугледжвае двухбаковыя сустрэчы з членамі ўрада Турцыі і кіраўнікамі замежных дэлегацый.
Свой удзел у цырымоніі інаўгурацыі пацвердзілі многія замежныя дэлегацыі, у тым ліку з краін СНД, Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Блізкага Усходу. Паводле папярэдняй інфармацыі, на цырымонію прыбудуць 25 прэзідэнтаў, 5 спікераў парламентаў, 10 прэм’ер-міністраў і шэраг дэлегацый на ўзроўні міністраў.
Рэджэп Таіп Эрдаган 9 ліпеня ў 18 гадзін па мясцовым часе прынясе прысягу і зробіць сваю першую заяву перад высокапастаўленымі замежнымі гасцямі, прадстаўнікамі дыпламатычных місій, дэпутатамі і вядомымі дзеячамі бізнесу, культуры і спорту Турцыі, а таксама прадстаўнікамі прэсы.
Раней паведамлялася аб тым, што пасля выступлення прэзідэнт Турцыі аб’явіць склад свайго кабінета. Згодна з унесенымі папраўкамі ў Канстытуцыю, пасада прэм’ер-міністра будзе скасавана.