Мясніковіч сустрэнецца з прэзідэнтам Польшчы



Афіцыйны візіт у Польшчу парламенцкай дэлегацыі Беларусі на чале са старшынём Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам адбудзецца з 11 па 14 лютага, паведамляе прэс-служба верхняй палаты.

У Варшаве запланаваныя сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і прэм’ер-міністрам Матэўшам Маравецкім. Адбудуцца таксама перамовы Мясніковіча з кіраўніком сената (маршалам) Станіславам Карчэўскім і маршалам сейма Маракам Кухціньскім. Акрамя таго, пройдзе сустрэча з міністрам замежных спраў Польшчы Яцакам Чапутовічам. Запланаванае наведванне Польскай акадэміі навук.

„Падчас перамоў на высокім і вышэйшым узроўнях будуць абмеркаваныя актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня — гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў галіне адукацыі, навукі, культуры і іншых сферах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Асаблівая ўвага будзе нададзеная ролі парламенцкага вымярэння ва ўмацаванні беларуска-польскіх адносін. Запланаванае падпісанне дагавора аб сацыяльным забеспячэнні”, — удакладнілі ў прэс-службе.

Мясніковіч таксама наведае Беласток, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці, кіраўніцтвам Падляскага ваяводства, наведае медыцынскі ўніверсітэт.

belapan.by

Фота Sputnik Беларусь