Мясніковіч сустрэўся з кіраўніком расейскага ўрада 



Старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч сустрэўся 6 сакавіка ў Маскве з кіраўніком урада Расейскай Федэрацыі Міхаілам Мішусціным. Бакі абмеркавалі ход працы над стратэгічнымі напрамкамі развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года і пытанні ўдасканалення працы ЕЭК, паведаміла БелаПАН прэс-служба камісіі.

Як падкрэсліў Мясніковіч, ён наведаў усе сталіцы дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза і атрымаў уяўленне аб пажаданнях і наказах кіраўнікоў дзяржаў „пяцёркі”, урадаў і службовых асоб, якія непасрэдна займаюцца пытаннямі інтэграцыі.

„У мяне таксама з’явілася магчымасць паглядзець на працу Еўразійскай эканамічнай камісіі, і я хацеў бы падзяліцца прапановамі аб тым, як удасканальваць нашу працу. Ёсць шмат вузлавых момантаў, якія патрабуюць вырашэння”, — сказаў кіраўнік калегіі ЕЭК.

Ён адзначыў, што існуе разрыў паміж палітычнымі рашэннямі, якія прынятыя кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў, і практычнымі справамі.

„Гэты разрыў мы паспрабавалі ліквідаваць дзякуючы інструментам і механізмам праекта стратэгічных кірункаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Каштоўнасць гэтага дакумента, на мой погляд, у першую чаргу заключаецца ў тым, што там закладзеныя нормы прамога дзеяння”, — заўважыў Мясніковіч.

Мішусцін падкрэсліў, што завяршэнне працы над стратэгічнымі напрамкамі з’яўляецца адной з найважнейшых задач. Абмеркаваць дапрацаваны праект плануецца 10 красавіка ў Мінску на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета.

„Перад калегіяй стаіць адказная задача — забяспечыць каардынацыю сумесных намаганняў „пяцёркі” па пашырэнні эканамічнага супрацоўніцтва, уключыць у інтэграцыйны контур новыя сферы, перш за ўсё лічбавую эканоміку”, — сказаў расійскі прэм’ер-міністр.

Ён падкрэсліў, што расійскі бок абсалютна адкрыты да новых ініцыятыў па ўдасканаленні працы саюзных органаў, і Расія гатовая ўзяць на сябе „функцыі лакаматыва еўразійскай інтэграцыі”.

Раней кіраўнік калегіі ЕЭК наведаў з рабочым візітам Беларусь, Арменію, Казахстан і Кыргызстан, дзе сустрэўся з кіраўніцтвам дзяржаў.

belapan.by

Фота government.ru