Мясцовыя ўлады вырашылі максімальна перастрахавацца
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч распавёў пра адметнасць чарговай выбарчай кампаніі.
Уладзімір Лабковіч: Можна сказаць, што гэтая кампанія адбываецца па тых жа лекалах, па якіх адбываліся ўсе папярэднія выбарчыя кампаніі. Усе мы бачым толькі фармальную лібералізацыю. Напрыклад, не было асаблівых перашкод падчас збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі, але ў той жа час можна заўважыць, што ўчастковыя выбарчыя камісіі будуць, па сутнасці, без прадстаўнікоў апазіцыі. А гэта значыць, што працэдура падліку галасоў застаецца без кантролю грамадскасці.
РР: Ці можна адзначыць нейкія адметнасці гэтай кампаніі?
Уладзімір Лабковіч: Гэтыя выбары каардынуюцца не Цэнтрвыбаркамам, а мясцовымі адміністрацыямі, якія вырашылі максімальна перастрахавацца. Улічваючы, што трэба выканаць невыканальнае заданне па забяспячэнні яўкі выбарцаў на ўзроўні 70 адсоткаў (гэтая лічба проста фантастычная), то яўка будзе дамагацца не дэмакратычным чынам. Вось мясцовыя ўлады і вырашылі зачысціць як выбарчыя камісіі, дзе мы бачым мінімальную колькасць прадстаўнікоў апазіцыі, так і найбольш актыўных дэмакратычных кандыдатаў. Вялікай колькасці тых, хто вылучаўся шляхам збору подпісаў, па надуманых прычынах адмоўлена ў рэгістрацыі. Тут прадстаўнікі руху “За свабоду”, БХД і нават “Гавары праўду”, якая пазіцыянуе сябе як менш радыкальная сіла. Мясцовым уладам патрэбны безальтэрнатыўныя выбары, каб можна было спакойна правесці адміністрацыйныя працэдуры. Таму Цэнтрвыбаркам спрабуе стварыць ілюзію нейкага палітычнага працэсу, а мясцовыя ўлады выконваюць свае задачы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя