МЗС адказала на прапановы па адзначэнні 100-годдзя БНР



Міністэрства замежных спраў адказала на прапановы Рыгора Кастусёва. Старшыня Партыі БНФ звярнуўся ў ведамства з прапановамі па шырокім адзначэнні 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Між іншым, правесці шэраг мерапрыемстваў у беларускіх пасольствах, стварыць гістарычныя шыльды, наладзіць стасункі з Радай БНР ды іншыя.

Як вынікае з адказу, МЗС Беларусі не плануе правядзенне адмысловых мерапрыемстваў, але мяркуецца зняць дакументальны фільм на тэму гісторыі беларускай дыпламатыі, фрагмент якога і будзе прысвечаны знешнепалітычнай дзейнасці БНР. Адказ каментуе Рыгор Кастусёў:

– З адказу зразумела, што МЗС Беларусі штосьці зробіць – здыме стужку, пакажа яе па беларускім тэлебачанні. Але па астатніх нашых прапановах МЗС паказала сваё бяссілле: ні Макей, ні ягоныя намеснікі не могуць прыняць рашэнне.

Як лічыць палітык, станоўчае рашэнне можа быць прынятае толькі пасля “загаду зверху”, таму ён разам з Міколам Купавам, які з’яўляецца старшынём аргкамітэту па святкаванні,  наведалі Адміністрацыю прэзідэнта і таксама сустрэліся з начальнікам ідэалагічнага ўпраўлення:

– Мяркуем, што гэта сустрэча дасць якісьці штуршок МЗСу, Міністэрству культуры, Менгарвыканкаму і ўсім астатнім, да каго мы звярталіся.

Як дадаў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, калі кожная з дзяржаўных установаў правядзе прынамсі адно мерапрыемства, то гэта ўжо добра.

18 лютага 2018 года міне 100 гадоў з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Дэмакратычная супольнасць краіны рыхтуецца да адзначэння гэтай значнай гістарычнай падзеі на самым шырокім узроўні.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя