МЗС адрэагаваў на працяг амерыканскіх санкцый
Міністэрства замежных спраў шкадуе, што ў палітыцы новай адміністрацыі ЗША захоўваюцца састарэлыя і зусім неаб’ектыўныя стэрэатыпы пра Беларусь. Так пракаментавала начальнік аддзела прэс-службы МЗС Беларусі Марыя Ваньшына рашэнне прэзідэнта ЗША працягнуць санкцыі ў адносінах да шэрагу беларускіх чыноўнікаo.
«Абсалютна непрымальным з’яўляецца сцвярджэнне амерыканскага боку пра тое, што Беларусь, якая робіць усё магчымае для ўмацавання рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі, можа прадстаўляць для ЗША якую б то ні было пагрозу. Верагодна, патрабуецца больш часу для таго, каб пераадолець пэўную інерцыю, якая ўсё яшчэ прысутнічае ў нашых адносінах», — цытуе прадстаўніка МЗС БелаПАН.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп апавясціў кангрэс пра сваё рашэнне падоўжыць дзеянне ўказу, прынятага яго папярэднікам Джорджам Бушам у 2006 годзе, аб санкцыях у дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. «Дзеянні членаў урада Беларусі і іншых асоб працягваюць падрываць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў краіне», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні. У дакуменце адзначаецца, што ўлады Беларусі ўсё гэтак жа «парушаюць правы чалавека, ажыццяўляюць палітычныя рэпрэсіі і вядуць карупцыйную дзейнасць, што ўяўляе надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы ЗША».