МЗС Аўстрыі выказалася пра нядзельныя падзеі ў Менску
Міністэрства замежных спраў Аўстрыі выступіла з заявай у сувязі з учарашнімі падзеямі ў Менску.
„Мірныя пратэстоўцы запаўняюць вуліцы Менска, многія з іх аддаюць даніну павагі Раману Бандарэнку. Чарговы раз яны сутыкнуліся з гвалтам, адвольнымі затрыманнямі і адключэннем інтэрнэту. Свабода слова і сходаў не з’яўляюцца факультатыўнымі, гэта — правы чалавека”, — падкрэсліваецца ў заяве.
Учора сілавікі разганялі ўдзельнікаў Маршу смелых, якія планавалі прайсці ад станцыі метро „Пушкінская”, дзе 10 жніўня загінуў удзельнік пратэстаў Аляксандр Тарайкоўскі, да „плошчы Перамен” — двара на вуліцы Чарвякова, дзе 11 лістапада быў збіты Раман Бандарэнка, які выйшаў абараняць нацыянальную сімволіку ад невядомых у масках. На наступны дзень ён памёр, не прыходзячы ў прытомнасць. На самой „плошчы Перамен” таксама была праведзеная зачыстка. Тых, хто не змог схавацца ў кватэрах найбліжэйшых дамоў, затрымалі. Бел-чырвона-белыя сцягі былі знятыя, бел-чырвона-белыя стужкі — зрэзаныя, партрэты і кветкі — вывезеныя на Паўночныя могілкі і пакінутыя ля „другіх варот”, хоць Бандарэнка яшчэ не пахаваны.
Падчас акцыі на патрабаванне ўладаў аператары сотавай сувязі рэзка знізілі хуткасць мабільнага інтэрнэту. Так адбываецца кожную нядзелю, калі праходзяць самыя масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту з боку сілавікоў. Адзін з аператараў, А1, належыць аўстрыйскаму капіталу.