МЗС: Беларусь і ЗША аб’ядноўвае нашмат больш, чым раз’ядноўвае
„Беларусь і ЗША аб’ядноўвае нашмат больш, чым раз’ядноўвае. Дыпламатычныя стасункі паміж нашымі краінамі налічваюць толькі 25 гадоў — аднак гістарычныя і культурныя повязі паміж нашымі народамі сягаюць у мінулае на стагоддзі”, — гаворыцца ў заяве беларускага МЗС з нагоды 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі.
„Памятаючы пра гэта, мы застаемся цвёрда ўпэўненымі ў тым, што праз падтрымку шчырых, добразычлівых і раўнапраўных дачыненняў Беларусь і Злучаныя Штаты змогуць вывесці двухбаковыя адносіны на гладкі гасцінец устойлівага развіцця”, — лічаць у знешнепалітычным ведамстве.
МЗС нагадвае, што 28 снежня 1991 года ў выніку абмену нотамі беларускі і амерыканскі бакі дамовіліся аб усталяванні дыпламатычных адносін на ўзроўні пасольстваў. У 1992 годзе ў Менску і Вашынгтоне пачалі працаваць пасольствы дзвюх краін.
Злучаныя Штаты сталі другой краінай у свеце, якая, прызнаўшы суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, „прапанавала маладой беларускай дзяржаве наладзіць поўныя дыпламатычныя адносіны і абмяняцца пасламі”.
„За чвэрць стагоддзя дачыненні паміж Беларуссю і ЗША прайшлі няпросты шлях сталення і развіцця. Іх гісторыя адзначаная ўзлётамі і падзеннямі, супрацоўніцтвам і разладамі, узаемнымі спадзяваннямі і расчараваннямі. Паміж нашымі краінамі дагэтуль захоўваюцца нявырашаныя пытанні, шэраг з якіх мае для бакоў прынцыповы характар”, — адзначае МЗС.
„Між тым сімвалічна, — гаворыцца ў заяве, — што юбілей усталявання беларуска-амерыканскіх дыпламатычных адносін прыпадае на перыяд паступовай нармалізацыі двухбаковых дачыненняў, аднаўлення даверу і вяртання бакоў да дыялогу па шырокаму спектру пытанняў — ад эканомікі і інвестыцый да ваеннай сферы, культуры і захавання спадчыны, ад развіцця дэмакратычных інстытутаў да ўмацавання навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння”.
„Нават у самыя складаныя часы нашы краіны супрацоўнічалі ў пытаннях, якія маюць вызначальнае значэнне для бяспекі і дабрабыту міжнароднай супольнасці. У 1991 годзе амерыканскі бок у сваёй прапанове беларускаму боку аб усталяванні дыпламатычных адносін адзначаў ролю нашай краіны ў працэсе раззбраення і нераспаўсюджвання ядзернай зброі і зараз паслядоўна падтрымлівае незалежнасць Беларусі. Сёння, як і 25 гадоў таму, Беларусь працягвае выступаць донарам міжнароднай бяспекі, беручы актыўны ўдзел у мірным урэгуляванні шматбаковых канфліктаў, якія, на жаль, не абмінулі і нашу частку свету”, — падкрэслівае знешнепалітычнае ведамства.
МЗС выказвае „шчырае спадзяванне” на тое, што пачаты працэс паступовага паляпшэння дачыненняў паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі „будзе не толькі садзейнічаць развіццю супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і вырашэнню складаных пытанняў двухбаковых дачыненняў, але і стане фактарам нармалізацыі міжнароднай сітуацыі і ўмацавання рэгіянальнай бяспекі ва Усходняй Еўропе”.
Пасля чарговага скандалу ў 2008 годзе, калі Беларусь пакінула пасол Карын Сцюарт (пасля ўвядзення Злучанымі Штатамі санкцый у адносінах канцэрна „Белнафтахім” у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі), ЗША прадстаўленыя ў Мінску на ўзроўні часовага паверанага. Штат пасольства быў скарочаны з 35 да пяці чалавек, цяпер ён павялічаны да дзевяці чалавек. Беларусь таксама прадстаўленая ў ЗША на ўзроўні часовага паверанага.