МЗС: Беларусь не атрымлівала афіцыйнай прапановы накіравання міратворцаў у Сірыю
Беларусь пакуль не атрымлівала афіцыйных прапаноў па лініі СНД аб накіраванні беларускіх міратворцаў у Сірыю, заявіў 6 ліпеня на брыфінгу ў Менску прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.
„Дэталёвая інфармацыя па фармаце, складзе, задачах, размяшчэнні планаваных міратворчых сіл патрэбна ў любым выпадку”, — падкрэсліў ён.
Мірончык паведаміў, што прыняцце рашэння пра накіраванне міратворцаў павінна ажыццяўляцца на падставе мандата Савета бяспекі ААН. Паводле яго слоў, гэта зафіксавана як у нацыянальным заканадаўстве Беларусі, так у дамове аб міратворчай дзейнасці АДКБ.
„Давайце пакуль не будзем каментаваць такое сур’ёзнае пытанне на падставе толькі паведамленняў са СМІ„, — дадаў Мірончык.
Пра тое, што Расея звярнулася да краін СНД з прапановай разгледзець пытанне магчымасці накіравання кантынгенту ў Сірыю для сумеснага маніторынгу ў зонах дээскалацыі, заявіў кіраўнік расейскай дэлегацыі на перамовах па Сірыі ў Астане Аляксандр Лаўрэнцьеў.
„Цяпер стаіць пытанне пра тое, якія воінскія кантынгенты — хачу тут падкрэсліць — ваенных назіральнікаў якіх краін прыцягнуць для міратворчай місіі ў Сірыі. Ніхто не ставіць пад сумнеў удзел кантынгенту РФ, таму мы звярнуліся да ўсіх краін СНД з прапановай разгледзець пытанне — гэта не навязванне нейкага рашэння — аб магчымасці накіравання краінай у разумных межах кантынгенту для сумеснага ўдзелу ў маніторынгу за сітуацыяй”, — сказаў Лаўрэнцьеў 5 ліпеня на прэс-канферэнцыі па выніках пятага раўнда перамоваў па Сірыі ў Астане.
Ён таксама адзначыў, што Расія вітала б рашэнне Астаны накіраваць міратворчы кантынгент для кантролю ў зонах дээскалацыі ў Сірыі. „Калі ўрад Казахстана і кіраўніцтва прыме рашэнне накіраваць такі воінскі кантынгент, мы будзем гэта толькі вітаць, але, наколькі я ведаю, пакуль рашэнне кіраўніцтвам Казахстана не прынята”, — сказаў Лаўрэнцьеў.
БелаПАН