МЗС: Беларусь не гандлюецца з Еўропай
Дыскусія з удзелам еўрапейскіх чыноўнікаў, што праходзіць у Менску, аніяк не звязана з нядаўняй адменай санкцый Еўразвязу супраць Беларусі, заявіў журналістам намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў:
– Мы не на базары. Я разумею, што адносіны да таго, што робяць палітыкі дзесьці там за закрытымі дзвярыма можа быць розным, але ні пра які гандаль размова не ідзе. І ніхто не збіраецца гандлявацца і мяняць адны каштоўнасці на другія ці нашыя ўяўленні пра тое, як нам трэба жыць на нейкія абяцанні адменаў санкцый ці пагроз увядзення дадатковых.
Намеснік міністра паведаміў, што мае асабісты пункт гледжання наконт ужывання смяротнага пакарання, але не лічыць, што службовая асоба можа распавядаць пра свае погляды па такім далікатным пытанні.
У свю чаргу спецпрадстаўнік ЕЗ спадзяецца, што адмена санкцыяў супраць Беларусі ўрэшце вырашыць пытанне з мараторыем на смяротнае пакаранне.
Пра гэта Стаўрас Ламбрыдзініс, спецыяльны прадстаўнік ЕЗ па правах чалавека, паведаміў падчас міжнароднай канферэнцыі па праблеме смяротнага пакарання, якая прайшла ў Менску.
– Цяпер, калі абмежавальныя меры да Беларусі адмененыя, на мой погляд вельмі важна выкарыстаць гэтае акно магчымасцяў, каб інтэнсіфіцыраваць нашыя адносіны, каб вырашыць праблему смяротнага пакарання і звярнуць увагу на цэлы шэраг пытанняў у сферы правоў чалавека. Таксама трэба скарыстацца з кожнай магчымасці зрабіць нашыя адносіны больш інтэнсіўнымі і ў сферы эканамічнага, і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, і гандлёвага ў цэлым.
Прадстаўнікі Беларусі на канферэнцыі падкрэслівалі гатоўнасць да дыялогу з Еўропай, але пазбягалі акрэсліць тэрміны, у якія можа быць уведзены мараторый на смяротнае пакаранне, спасылаючыся на неабходнасць вывучэння грамадскага меркаванне. Нагадаем, Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе практыкуецца пакаранне смерцю.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота sputnik.by