МЗС: Беларусь не мае на мэце членства і перспектыву членства ў ЕЗ



Развіццё партнёрскіх адносін важна і для Беларусі, і для Еўрапейскага звяза, заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка 22 лістапада на адкрыцці Менскага форуму.

„Менскі форум — гэта важны і запатрабаваны фармат для абмеркавання актуальных пытанняў, уключаючы складаныя, і паступовага далейшага ўмацавання даверу. Менскі форум дазваляў захоўваць каналы камунікацыі нават у самыя складаныя перыяды адносін Беларусі з заходнімі партнёрамі”, — сказаў дыпламат.

Паводле яго слоў, гэты форум прысвечаны тэме будучыні, у тым ліку будучаму партнёрства паміж Беларуссю і ЕЗ. „Гэта партнёрства важна для абодвух бакоў. Гэта партнёрства важна для нашага рэгіёна, — сказаў Краўчанка. — Цалкам нармалізаваныя і паляпшаюцца адносіны паміж Беларуссю і ЕЗ — гэта ўклад у еўрапейскую бяспеку, а не пагроза ёй. Больш поўнае беларуска-еўрапейскае ўзаемадзеянне створыць дабаўленую вартасць таксама ў адносінах да ўстойлівага развіцця еўрапейскага рэгіёна, менавіта да гэтага нам трэба імкнуцца”.

Краўчанка таксама заявіў, што партнёрства, а не ідэалагічнае супрацьстаянне Еўразійскага эканамічнага і Еўрапейскага звязаў не толькі прынясуць эканамічную карысць, але і знізяць канфліктны патэнцыял. „Вернасць традыцыйным альянсам не павінна разглядацца як супярэчнасць вельмі неабходнаму імкненню да вызначэння магчымых шляхоў выхаду рэгіёна з цяперашняй складанай сітуацыі”, — лічыць дыпламат.

Гаворачы аб адносінах Беларусі і ЕЗ, Краўчанка адзначыў, што трывалыя, устойлівыя, прадказальныя, суседскія адносіны пажаданыя для абодвух бакоў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь не мае на мэце сяброўства і перспектыву сяброўства ў ЕЗ.

„Думаю, цэнтральным элементам нашых намаганняў павінна стаць заключэнне пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве, — сказаў прадстаўнік МЗС. — Мы працягваем працу над праектам прыярытэтаў партнёрства, хоць яна ідзе не так проста, як нам усім хацелася б. Мы рэальна наблізіліся да магчымасці падпісання пагадненняў аб рэадмісіі і аблягчэнні візавага рэжыму. І я вельмі спадзяюся, што гэты пакет не патрапіць у такую ж сітуацыю, якая, на жаль, на дадзены момант склалася ў адносінах да праекта пагаднення аб прыярытэтах партнёрства”.

Краўчанка прызнаў, што ў адносінах паміж Беларуссю і ЕЗ захоўваюцца рознагалоссі. „Мы вядзем адкрыты дыялог па адпаведных складаных пытаннях як у фармаце Беларусь-ЕЗ, так і з краінамі — членамі Еўрасаюза, — адзначыў ён. — Гэтыя пытанні важныя. І я ўпэўнены ў тым, што ўсе нашы рознагалоссі будуць з часам ліквідаваны. Таму я прапаноўваю, працягваючы значны дыялог па гэтых пытаннях, ужо цяпер сумесна пачаць працу над стратэгіяй нашых адносін, нашага суседства, нашага партнёрства. Імкненне да мэтаў, якіх мы хочам дасягнуць праз 10, 20, 30 гадоў, дазволяць нам больш эфектыўна ўзаемадзейнічаць па цяжкасцях, якія, па сутнасці, носяць часовы характар, але дамінуюць у нашых адносінах, паглынаючы ільвіную долю нашай энергіі і перашкаджаючы развіццю гэтых адносін”.

belapan.by