МЗС: Беларусь рашуча асуджае ўсе праявы тэрарызму



„У Беларусі з глыбокім болем успрынялі паведамленне пра тэракт у Ніцы ўначы 14 ліпеня”, — гаворыцца ў заяве беларускага МЗС.

„У выніку гэтага жахлівага злачынства загінулі каля 80 чалавек, больш за сотню параненых, сярод іх шмат дзяцей. Асабліва цынічны характар таму, што адбылося, надае тое, што бесчалавечны акт тэрарызму здарыўся ў дзень святкавання французскім народам свайго нацыянальнага свята, — падкрэслівае МЗС. — Беларускі бок рашуча асуджае ўсе праявы тэрарызму і лічыць, што акты насілля ў дачыненні да цывільнага насельніцтва, якія пачасціліся ў апошні час, не могуць мець апраўдання і не павінны заставацца без жорсткай кансалідаванай рэакцыі сусветнай супольнасці”.

Беларускі бок выказвае спачуванні сем’ям і блізкім загінулых, а таксама жадае найхутчэйшага выздараўлення ўсім пацярпелым.

Паводле інфармацыі тэлеканала Euronews, увечары 14 ліпеня грузавік са зламыснікамі выехаў на вялікай хуткасці на тратуар і працягваў рух праз натоўп на працягу двух кіламетраў. Затым вадзіцель грузавіка быў забіты паліцыяй. На гэты момант паведамляецца аб 84 загінулых, 18 чалавек знаходзяцца ў рэанімацыі ў вельмі цяжкім стане.

МЗС Беларусі высвятляе, ці ёсць сярод загінулых і пацярпелых беларускія грамадзяне.

belapan.by