МЗС: Беларусь за мірнае ўрэгуляванне карабахскага канфлікту



Беларусь гатова аказаць усё неабходнае садзейнічанне ў пошуку мірнага вырашэння канфлікту ў Карабаху, паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі – прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык у каментары для прэсы ў сувязі з сустрэчай Менскай групы і спецыяльным пасяджэннем Пастаяннага савета АБСЕ па пытанні Нагорнага Карабаха, што прайшлі 5 красавіка ў Вене.

Дзмітрый Мірончык

„Перш за ўсё, важна мець на ўвазе, што сустрэча Менскай групы планавалася яшчэ да апошніх падзей у Нагорным Карабаху, а спецыяльнае пасяджэнне Пастаяннага савета АБСЕ ў Вене было скліканае па ініцыятыве дзейнага нямецкага старшынства ў сувязі з рэзкім абвастрэннем сітуацыі ў зоне канфлікту”, – падкрэсліў Мірончык.

Паводле яго слоў, прадстаўнікі Беларусі як краіны – члена Менскай групы ўзялі ўдзел у абодвух мерапрыемствах і праінфармавалі дзяржавы – удзельніцы Арганізацыі пра пазіцыю і падыходы беларускага боку.

„Намі былі цалкам падтрыманыя заклікі дзейнага старшынства АБСЕ і сустаршыняў Менскай групы па Нагорным Карабаху да неадкладнага спынення баявых дзеянняў у зоне канфлікту і захавання рэжыму спынення агню, – зазначыў Мірончык. – Было падкрэслена, што Беларусь паслядоўна выступае за ўрэгуляванне нагорна-карабахскага канфлікту выключна мірным шляхам за сталом перамоваў”.

„Мы таксама пацвердзілі гатоўнасць Беларусі як члена Менскай групы і краіны, якая падтрымлівае сяброўскія стасункі і з Арменіяй, і з Азербайджанам, аказаць усё неабходнае садзейнічанне бакам у пошуку мірнага вырашэння гэтага канфлікту”, – падкрэсліў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства.

belapan.by