МЗС Беларусі апавясціла пасольства РФ пра затрыманне КДБ трох грамадзян Расеі



Пасольства Расеі ў Менску атрымала афіцыйнае паведамленне ад МЗС Беларусі пра затрыманне беларускім КДБ трох расіян.

Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар пасольства Аляксей Маскалёў, знешнепалітычнае ведамства Беларусі праінфармавала, што грамадзяне РФ затрыманыя ў сувязі з падазрэннем ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч.2 арт.431 КК (дача хабару).

У гэтай сувязі, паведаміў дыпламат, у адпаведнасці з устаноўленай практыкай расійскі бок накіраваў запыт у кампетэнтныя беларускія органы аб доступе консульскіх супрацоўнікаў да названых грамадзянам Расеі.

У паведамленьні не гаворыцца, ці звязана затрыманне расіян з нядаўнімі гучнымі затрыманнямі гендырэктара РУП „Белтэлекам” Сяргея Сівадзедава і Андрэя Уцюрына, які да нядаўняга часу займаў пасаду намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі.

Як паведамлялася, раніцай 4 мая КДБ размясціў на сваім сайце інфармацыю пра затрыманне гендырэктара РУП „Белтэлекам” Сяргея Сівадзедава за атрыманне хабару ад грамадзяніна Расійскай Федэрацыі.

„У рамках следства па крымінальнай справе па артыкулах 430, 431 КК Рэспублікі Беларусь КДБ прыцягнутыя ў якасці абвінавачаных генеральны дырэктар РУП „Белтэлекам” Сівадзедаў Сяргей Іванавіч, які атрымаў хабар за садзейнічанне ў пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталявання ў памеры 15.000 еўра, а таксама давальнік хабару — грамадзянін Расійскай Федэрацыі „К”, — гаворыцца ў інфармацыі камітэта.

Акрамя таго, на сайце КДБ было размешчана паведамленне пра затрыманне Андрэя Уцюрына, які да нядаўняга часу займаў пасаду намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі. Яго абвінавачваюць у атрыманні хабару ад прадстаўніка расійскай камерцыйнай структуры.

Згодна з інфармацыяй КДБ, Уцюрын быў затрыманы за руку „пры атрыманні 148.600 долараў ЗША ад прадстаўніка расійскай камерцыйнай структуры „Г”за садзейнічанне ў прасоўванні яе інтарэсаў у Рэспубліцы Беларусь”. Адзначаецца, што абодва абвінавачаныя прызналі віну па дадзеным эпізодзе ў поўным аб’ёме. Да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

У сувязі з паведамленнямі КДБ пасольства Расеі запытала інфармацыю ў беларускага боку. Пра гэта паведаміла вечарам 4 мая расейскае дыппрадстаўніцтва ў сваім твітар-акаўнце.

belapan.by

Фота: TUT.BY