МЗС Беларусі: Літва працягвае нагнятаць напружанасць вакол БелАЭС



Прыняццем пастановы аб блакаванні электраэнергіі з Беларускай АЭС, якая будуецца, літоўскі ўрад працягвае ствараць напружанасць вакол станцыі, заявіў 14 верасня на брыфінгу ў Менску прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Як паведамлялася раней, 13 верасня літоўскі ўрад прыняў пастанову „Аб неабходных мерах, прызначаных для абароны ад небяспечнай атамнай электрастанцыі, якую будуюць у Беларусі і якая ўяўляе пагрозу нацбяспецы, акружэнню і грамадству Літвы”. Дакумент прадугледжвае шэраг мер, скіраваных на тое, каб пасля запуску АЭС у Астраўцы ў Літву не магла трапіць беларуская электраэнергія, за выключэннем той, што неабходная для забеспячэння надзейнасці энергетычнай сістэмы краіны.

Так, у 2018 годзе павінна быць дасягнутае пагадненне з Эстоніяй і Латвіяй аб прымяненні падатку на перадачу электраэнергіі трэціх краін. Акрамя таго, прадугледжана дамовіцца з Эстоніяй, Латвіяй і Польшчай аб выкарыстанні адзіных прынцыпаў, звязаных з трапляннем электраэнергіі з трэціх краін на рынак з моманту запуску БелАЭС.

„Раней літоўскі бок заяўляў, што зробіць усё для прыпынення будаўніцтва, — нагадаў Мірончык. — Пасля прыняцця плана можна канстатаваць, што нашы літоўскія партнёры ўпэўненыя ў паспяховым ўводзе электрастанцыі ў эксплуатацыю”.

Учарашні дакумент літоўскага ўрада, паводле слоў прэс-сакратара МЗС, — „чарговае пацвярджэнне абранай нашай суседняй дзяржавай зусім не суседскай практыкі штучнага стварэння напружанасці вакол праекта нашай атамнай электрастанцыі”. „Замест канструктыўнага дыялогу і пошуку ўзаемнай выгады нашы суседзі аддаюць перавагу вынаходзіць усё новыя меры, закліканыя прадэманстраваць іх непахіснасць і гатоўнасць да супрацьстаяння, усяляк стварыць устойлівы скандальны імідж”, — дадаў Мірончык.

„Дарэчы, я не здзіўлюся, — сказаў ён, — калі найбліжэйшым часам шэраг буйных заходніх СМІ знойдуць нагоду апублікаваць шырокія матэрыялы на тэму Беларускай АЭС — натуральна, з чароўным, ледзь улоўным, літоўскім акцэнтам”.  БелаПАН