МЗС Беларусі: Мы настроеныя на працяг няхай і складанага, але дыялогу з ЕЗ



Санкцыі — гэта канец палітыкі, заявіў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, каментуючы рашэнне Савета ЕЗ аб падрыхтоўцы санкцыйнага спіса ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.

„Таму ключавое пытанне цяпер — ці ёсць у ЕЗ палітыка ў дачыненні да Беларусі, — сказаў ён. — У нас — ёсць. У знешняй палітыцы Беларусі Еўрасаюз адназначна з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў. Таму ў любых умовах, пры любой сітуацыі мы настроеныя на захаванне камунікацыі і працяг хай і складанага, але дыялогу”.

Еўразвяз лічыць выбары прэзідэнта Беларусі сфальсіфікаванымі і не прызнае іх вынікі. Пра гэта паведаміла Еўрапейская служба знешніх дзеянняў па выніках пазачарговай сустрэчы Савета міністраў замежных спраў ЕЗ 14 жніўня.

„Міністры зноў паўтарылі свой заклік да беларускіх уладаў спыніць непрапарцыйны і непрымальны гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў, — гаворыцца ў паведамленні. — ЕС чакае, што ўлады неадкладна вызваляць усіх незаконна затрыманых асоб. У святле шакавальных паведамленняў пра бесчалавечнае абыходжанне і ўмовы ўтрымання пад вартай Еўрасаюз чакае дбайнага і празрыстага расследавання ўсіх меркаваных злоўжыванняў, з тым каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці”.

Кіраўнікі МЗС краін ЕЗ яшчэ раз падкрэслілі, што выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. „Міністры таксама пагадзіліся з неабходнасцю пакарання асоб, адказных за гвалт, рэпрэсіі і фальсіфікацыю вынікаў выбараў. Праца над дадатковымі спісамі ў рамках існых санкцый у дачыненні да Беларусі пачнецца неадкладна”, — гаворыцца ў паведамленні.

Удзельнікі пасяджэння выказалі ўдзячнасць журналістам за іх працу ў складаных умовах і асудзілі напады на прадстаўнікоў СМІ і іх затрыманні, у тым ліку грамадзян ЕЗ.

Міністры дамовіліся вярнуцца да абмеркавання адносін паміж ЕЗ і Беларуссю на нефармальнай сустрэчы ў канцы жніўня.

belapan.by