МЗС Беларусі: Пасол ЗША Фішэр ніякіх афіцыйных адносін да Беларусі пакуль не мае
Пасол ЗША Джулі Фішэр ніякіх афіцыйных адносін да Беларусі пакуль не мае, заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, каментуючы выказванні прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША Нэда Прайса.
3 чэрвеня на брыфінгу ў Вашынгтоне Прайс адзначыў, што нягледзячы на патрабаванне Менска аб скарачэнні колькасці дыпламатычнага і тэхнічнага персаналу ў амерыканскім пасольстве ў Беларусі, пасол Фішэр працягне сваю працу.
„Пасол Фішэр працягне падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларускага народа, і яна будзе працягваць узаемадзейнічаць з імі за межамі Беларусі, уключаючы лідараў прадэмакратычнага руху, супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі, студэнтаў і іншых членаў грамадзянскай супольнасці, каб выказаць нашу падтрымку. Яна таксама будзе працягваць узаемадзейнічаць з нашымі саюзнікамі і партнёрамі”, — сказаў Прайс.
Фішэр пакуль не можа прыехаць у краіну, бо беларускія ўлады не даюць ёй візу.
На думку Глаза, Джулі Фішэр „асабіста вольная падтрымліваць любыя законныя памкненні любых грамадзян хоць у Грэнландыі ці на Паўночным полюсе”. „Таму што ніякіх афіцыйных адносін да Беларусі яна пакуль не мае, — падкрэсліў ён. — Гэта прынцыпова важна. У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 13 Венскай канвенцыі лічыцца, што кіраўнік прадстаўніцтва пачаў выкананне сваіх функцый у дзяржаве знаходжання альбо з моманту ўручэння сваіх даверчых грамат, альбо з моманту паведамлення аб сваім прыбыцці і падавання засведчаных копій грамат”.
Глаз адзначыў, што да завяршэння акрэдытацыі „Фішэр мае толькі гучны статус прызначанага пасла ЗША ў Беларусі, і тое выключна для ўнутраных мэтаў амерыканскага боку”. „Ніякіх міжнародна-прававых падстаў для іншага тлумачэння няма, роўна як і для таго, каб лічыць афіцыйнымі яе заявы альбо іншую дзейнасць у дачыненні да нашай краіны”, — сказаў ён.
3 чэрвеня пачалі дзейнічаць санкцыі ЗША ў дачыненні да канцэрна „Белнафтахім” і падпарадкаваных прадпрыемстваў („Белнафтахім ЗША”, Беларускі нафтавы гандлёвы дом, „Нафтан”, „Белшына”, „Гродна Азот”, „Гродна Хімвалакно”, „Лакафарба”, „Полацк-Шкловалакно”).
Як раней растлумачыў Нэд Прайс, Дзярждэпартамент рэкамендаваў Мінфіну ЗША аднавіць санкцыі ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з падзеямі ў Беларусі. Ён заявіў, што ЗША зацікаўленыя ў развіцці двухбаковых стасункаў з Беларуссю, але тое, што адбылося ў краіне пасля „сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў”, гвалт і рэпрэсіўныя тактыкі супраць мірных дэманстрантаў, наяўнасць вялікай колькасці палітвязняў не могуць быць праігнараваныя.
МЗС Беларусі 3 чэрвеня выклікала часовага паверанага ў справах ЗША, якому было абвешчана аб мерах у адказ. „У іх ліку скарачэнне дыпламатычнага і адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу амерыканскай дыпмісіі, узмацненне жорсткасці візавых працэдур, абмежаванне працы амерыканскіх спецыялістаў у Беларусі на часовай аснове, — паведаміў Глаз. — Намі таксама адкліканае рашэнне аб працы ў Беларусі Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці. Гэтыя меры — кропкавыя, яны закліканыя даслаць выразны сігнал ЗША аб бесперспектыўнасці націску і прымусу ў адносінах з Беларуссю. Як і раней, мы не настроеныя на эскалацыю і гатовыя працягваць кантакты з амерыканскім бокам на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемнай павагі”.
Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) працавала ў Беларусі з 1999 года. Як адзначаецца на сайце агенцтва, яго дзейнасць у краіне скіраваная на садзейнічанне трансфармацыі Беларусі ў дэмакратычную рынкава арыентаваную дзяржаву. USAID аказвае падтрымку развіццю грамадзянскай супольнасці, прыватнага сектара і прадпрымальніцтва, падтрымлівае дзейнасць па абароне правоў уразлівых груп насельніцтва.
У 2020 годзе пры падтрымцы USAID краіне таксама была аказаная дапамога для барацьбы з COVID-19. У прыватнасці, у верасні 2020 года краінавы офіс Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пры фінансавай падтрымцы USAID перадаў 250 кіслародных канцэнтратараў на 211 тыс. долараў ЗША. Абсталяванне было пастаўленае ў межах праекта „Падтрымка гатоўнасці СААЗ і мер у адказ для барацьбы з пандэміяй COVID-19”, што фінансуецца USAID. У снежні 2020 года краінавы офіс СААЗ у Беларусі пры ўдзеле USAID паставіў у нацыянальны аэрапорт Менск тэхніку і сродкі для недапушчэння распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі на 47 тыс. долараў.