МЗС Беларусі патрабуе скараціць штат амбасадаў Польшчы і Літвы
МЗС Беларусі запатрабавала ў пасольстваў Польшчы і Літвы скараціць колькасць дыпламатаў да 9 кастрычніка. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз. Такую меру ён патлумачыў «адназначнай дэструктыўнай дзейнасцю з боку названых краін». У літоўскай амбасадзе замест 25 павінна застацца 14 дыпламатаў, у польскай — замест 50 – 18. Прадстаўнік МЗС таксама паведаміў, што паслы Беларусі ў Польшчы і Літве з 5 кастрычніка адклікаюцца ў Менск для кансультацый.
Таксама МЗС увяло візавыя санкцыі супраць «найбольш прадузятых і ангажаваных у дачыненні да Беларусі прадстаўнікоў еўраінстытутаў», але адпаведны спіс вырашыла не публікаваць.
„Паслы Беларусі ў Польшчы і Літве з 5 кастрычніка адклікаюцца ў Менск для кансультацый, — заявіў Глаз. — Паслам Польшчы і Літвы ў Беларусі прапанавана зрабіць гэтак жа. Падкрэслю, што гэтыя вымушаныя меры намі прынятыя не без шкадавання, пасля доўгага цярпення і заклікаў да разважлівасці выключна з прычыны асаблівай дэструктыўнай ролі, якую вырашыла на практыцы іграць кіраўніцтва Польшчы і Літвы ў дачыненні да Беларусі”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелТА