Беларусь патрабуе тлумачэнняў ад Літвы ў сувязі з інцыдэнтам на мяжы
Беларускі бок заявіў пратэст у сувязі з парушэннем дзяржаўнай мяжы Беларусі ўзброенымі супрацоўнікамі пагранслужбы Літвы. Пра гэта гаворыцца ў ноце, якую 2 кастрычніка ўручылі ў МЗС Беларусі літоўскаму паслу Андрусу Пулокасу.
Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, 28 верасня ў пункце пропуску „Катлоўка-Лаварышкес” супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Міністэрства ўнутраных спраў Літвы „зрабілі спробу з прымяненнем сілы затрымаць двух грамадзян Беларусі спачатку на літоўскай, а затым і на беларускай тэрыторыі”.
„Пры гэтым, будучы ўзброенымі, яны перасеклі дзяржаўную мяжу Беларусі і паглыбіліся на тэрыторыю краіны да 40 метраў. У сувязі з набліжэннем беларускага пагранічнага нарада супрацоўнікі САДМ пасля няўдалай спробы затрымання без тлумачэнняў сваіх дзеянняў у спешным парадку вярнуліся на тэрыторыю Літвы”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
„Небяспечныя дзеянні ўзброеных літоўскіх памежнікаў адбыліся ў сітуацыі напружанасці ў рэгіёне, шмат у чым створанай шматлікімі заявамі літоўскіх уладаў з нагоды вучэнняў „Захад-2017″, якія, пры гэтым, не пацвердзіліся”, — падкрэслілі ў МЗС Беларусі.
У сувязі з інцыдэнтам па ініцыятыве беларускага боку 30 верасня адбылася рабочая сустрэча памежных упаўнаважаных Беларусі і Літвы, па выніках якой літоўскі бок прызнаў факт інцыдэнту і выказаў прабачэнні.
Як падкрэсліваецца ў ноце МЗС, „беларускі бок чакае афіцыйных тлумачэнняў, а таксама таго, што літоўскі бок прыме ўсе неабходныя меры для недапушчэння такіх інцыдэнтаў у будучыні”.