МЗС Беларусі пацвярджае факт тэлефонных размоў з Дзярждэпартаментам ЗША
Падчас тэлефонных размоў паміж кіраўніцтвам МЗС Беларусі і Дзярждэпартамента ЗША абмяркоўваліся пытанні паляпшэння двухбаковых стасункаў, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз.
„Мы можам пацвердзіць факт некалькіх тэлефонных размоў, якія адбыліся апошнім часам паміж кіраўніцтвам МЗС Беларусі і Дзярждэпартамента ЗША, — сказаў ён. — Падчас гэтых гутарак абмяркоўваліся розныя аспекты беларуска-амерыканскіх адносін, у тым ліку магчымасці іх паляпшэння”. Згодна з правіламі дыпламатычнай этыкі, дэталёвы змест гэтых размоў не раскрываецца.
На пытанне, ці абмяркоўвалася магчымасць павелічэння штату пасольстваў у Менску і Вашынгтоне, Глаз падкрэсліў, што гэта „дэталёвы змест размоў, які не раскрываецца”.
10 студзеня амерыканскае выданне Foreign Policy паведаміла, што афіцыйны Менск адмяніў абмежаванне на колькасць дыпламатаў ЗША. Паводле звестак крыніц Foreign Policy ў дыпламатычных колах Злучаных Штатаў, аб прынятым рашэнні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паведаміў у чацвер, 10 студзеня, у тэлефоннай размове памочніку дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Уэсу Мітчэлу.
У 2008 годзе паміж Менскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне Злучанымі Штатамі Амерыкі санкцый у дачыненні да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. Тады ж Беларусь на патрабаванне беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт, а 30 з 35 супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Менску былі высланыя з краіны.
Апошнія дзесяць гадоў дыпламатычныя місіі ў абедзвюх краінах ўзначальваюць павераныя ў справах.
У канцы лістапада павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур заявіла ў інтэрв`ю БелаПАН, што ў Вашынгтона і Менска ёсць палітычная воля вярнуць паслоў. „І зараз тэхнічныя дэталі крыху тармозяць працэс. З-за іх усё гэта ідзе больш марудна”, — сказала яна.