МЗС Беларусі пазбавіла акрэдытацыі расейскі «Першы канал»



МЗС Беларусі пазбавіла акрэдытацыі карэспандэнта расейскага «Першага канала» Аляксея Кручыніна. Яго выслалі з краіны. Прэс-служба «Першага канала» пацвердзіла гэтыя факты і назвала рашэнне беларускіх уладаў пра высылку карэспандэнта з Беларусі і пазбаўленне акрэдытацыі ўсёй здымачнай групы – беспадстаўным, піша ria.ru.

Нічога скандальнага старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец у гэтай сітуацыі не бачыць, а звязвае гэта з падрыхтоўкай да выбраў:

– Мы гэта ўжо не раз праходзілі, калі расейскіх журналістаў ці высылалі з краіны, ці калі абмяжоўвалі пэўныя сюжэты па тэлебачанні, а ў першую чаргу менавіта тэлебачанне найбольш клапоціць беларускія ўлады. Па вялікім рахунку, гэта дастаткова звычайная справа. І амаль кожны раз перад прэзідэнцкімі выбарамі мы з падобнымі заявамі сутыкаемся.

У расейскіх тэленавінах выйшаў сюжэт пра няпростую эпідэміялагічную сітуацыю ў Беларусі. На яго ўвагу звярнуў Аляксандр Лукашэнка, пасля чаго беларускае тэлебачанне выступала з 18-хвілінным матэрыялам, дзе аспрэчвае інфармацыю, пададзеную на расейскім тэлебачанні. «Гэта «дно», таварышы прапагандысты з «Першага канала», заявілі ў эфіры БТ. Вядучыя якога нагадалі тэлегледачам пра цяжкую сітуацыю з каронавірусам у Расеі: праблемы з тэсціраваннем, адсутнасць медыцынскіх масак і гэтак далей.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя