МЗС Беларусі: Поспех саміту Усходняга партнёрства – у працягу існавання праекта і яго дэпалітызацыі



Намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка патлумачыў журналістам, чаму МЗС Беларусі лічыць саміт Усходняга партнёрства, што прайшоў у лістападзе ў Бруселі, паспяховым для нашай краіны і для праекта ўвогуле.

– Па-першае, як бы парадаксальна гэта не гучала, гэты саміт не стане апошнім самітам Усходняга партнёрства. Былі сумневы, былі думкі пра тое, што Усходняе партнёрства сябе вычарпала і не павінна развівацца. Гэта мы здолелі пераадолець як з еўрапейскага боку, так і з боку Усходняга партнёрства, Беларусі таксама. На мой погляд, назіраецца нейкая мадыфікацыя разумення Усходняга партнёрства, нейкая дэпалітызацыя. Мы зацікаўленыя ва Усходнім партнёрстве. Яно будзе працягвацца. І на наш погляд, яно будзе станавіцца ўсё больш прагматычным, усё больш зразумелым для нашых людзей. Але гэта нам яшчэ трэба зрабіць, бо такога выніку мы яшчэ не маем.

На думку Алега Краўчанкі, калі Усходняе партнёрства і надалей пойдзе па шляху прагматызму, то яно стане карысным і зразумелым для грамадзян Беларусі.

Прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў удзельнічалі ў менскім форуме «Еўрапейскі звяз і Усходняе партнёрства: падыходы да рэгіянальнай супрацы», што праходзіць у беларускай сталіцы гэтымі днямі.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя