МЗС Беларусі пракаментавала ўдар па Сірыі



У Беларусі рашуча асудзілі ўдары, нанесеныя па тэрыторыі Сірыі 14 красавіка. Пра гэта паведамляе МЗС Беларусі.

«Тым самым сітуацыя ў Сірыі фактычна ператвараецца ў міждзяржаўны ўзброены канфлікт, які пацягне далейшую некантраляваную эскалацыю, якая выходзіць за рамкі рэгіёну», — адзначылі ў ведамстве.

У МЗС Беларусі заклікалі ўсе бакі неадкладна спыніць прымяненне ваеннай сілы супраць іншых дзяржаў і шукаць шляхі ўрэгулявання канфліктаў мірнымі сродкамі за сталом перамоваў.

У замежнапалітычным ведамстве таксама адзначылі, што прымяненне забароненых відаў зброі масавага паражэння не павінна заставацца без наступстваў. Аднак крокі ў адказ павінны грунтавацца на адназначных і правераных фактах і рабіцца ў строгай адпаведнасці з нормамі міжнароднага права.

«Ніводны з гэтых крытэрыяў не быў выкананы тымі, хто сёння нанёс удар па Сірыі», – падкрэслілі ў Міністэрстве замежных спраў.

На думку МЗС, Арганізацыя па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) павінна мець магчымасць тэрмінова праверыць інфармацыю аб прымяненні хімічнай зброі ў Сірыі і паведаміць вынікі расследавання Радзе Бяспекі ААН.

«Лічым, што ўсім сябрам Рады Бяспекі ААН варта прыкласці максімальныя высілкі для выканання ўскладзенай на іх міжнароднай супольнасьцю задачы па аднаўленні і падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі», — падсумавалі ў МЗС Беларусі.