МЗС Беларусі пракаментавала вызваленне Надзеі Саўчанкі



„Спадзяемся, што гэта падзея пазітыўна адаб’ецца на ўсім перагаворным працэсе”, — заявіў сёння на брыфінгу прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, каментуючы вызваленне ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі.

Дзмітрый Мірончык

25 траўня Саўчанка, прыгавораная ў сакавіку да 22 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў дачыненні да забойства двух расейскіх журналістаў, была вызваленая. Яе абмянялі на двух супрацоўнікаў расейскага Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Мінабароны РФ.

„Беларусь вітае той факт, што Расейская Федэрацыя і Украіна знялі з парадку дня адно з тых пытанняў, якое на працягу доўгага часу з’яўляўся перашкодай для прадметнага абмеркавання і рэалізацыі мінскіх пагадненняў і прасоўвання па шляху мірнага ўрэгулявання на ўсходзе Украіны”, — сказаў Мірончык.

Беларускі бок будзе максімальна спрыяць далейшай працы трохбаковай кантактнай групы і яе рабочых падгруп, забяспечыць усе неабходныя ўмовы для працягу мінскага працэсу, каб „у наш рэгіён як мага хутчэй вярнуўся мір”, падкрэсліў прэс-сакратар МЗС.

belapan.by