МЗС Беларусі: прапанова Польшчы і Літве скараціць штат пасольстваў – абавязковая для выканання



Прапанова Літве і Польшчы скараціць штат пасольстваў абавязковая да выканання, вынікае з каментара прэс-сакратара беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоля Глаза.

„Калі адысці ад дыпламатычнай казуістыкі, то гэта значыць, што такія прапановы абавязковыя для выканання літоўскім МЗС”, — заявіў Глаз, каментар якога размешчаны на старонцы беларускага знешнепалітычнага ведамства ў „Фэйсбуку”.

„Яшчэ раз падкрэслю, што прапановы, якія мы ўчора агучылі, не накіраваныя на пагаршэнне адносін паміж нашымі суседскімі народамі, носяць вымушаны зваротны характар і матываваныя асаблівай дэструктыўнай роляй, якую вырашыла іграць кіраўніцтва Польшчы і Літвы ў цяперашняй сітуацыі”, — адзначыў афіцыйны прадстаўнік МЗС.

Пасля пастановы Еўрасаюза ўвесці санкцыі ў дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб Менск адклікаў сваіх паслоў у Вільнюсе і Варшаве „для кансультацый” і прапанаваў Літве і Польшчы зрабіць аналагічны крок, а таксама скараціць колькасць дыпламатаў у сваіх пасольствах.

Літва і Польшча заявілі, што не плануюць адклікаць паслоў і скарачаць дыпламатычную прысутнасць.

Беларускае Радыё Рацыя