МЗС Беларусі працягвае перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕЗ



Міністэрства замежных спраў Беларусі спадзяецца знайсці „ўзаемапрымальныя развязкі” ў перамовах аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўразвязам. Пра гэта заяўлена падчас анлайн-канферэнцыі МЗС у „Фэйсбуку” 18 ліпеня.

„Праца ідзе. Аднак гэта не аднабаковы працэс і для прасоўвання наперад патрэбна воля абодвух партнёраў. Нашы падыходы, выражаныя ў тым ліку ў аднабаковым рашэнні аб увядзенні пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян краін ЕС, відавочныя”, — адзначылі ў міністэрстве.

У МЗС не сталі раскрываць дэталі перамоў аб спрашчэнні візавага рэжыму, аднак падкрэслілі, што „партнёры вылучаюць шэраг умоў, якія ставяць нашых грамадзян у не вельмі камфортнае становішча”. „Патрабаванне аб падачы дакументаў выключна праз візавыя цэнтры ў іх ліку. Над вырашэннем у тым ліку і гэтых праблемных аспектаў мы працуем сумесна з нашымі партнёрамі з прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі. На наш погляд, няма аб’ектыўных прычын, якія перашкодзілі б нам знайсці ўзаемапрымальныя развязкі”, — заключылі ў знешнепалітычным ведамстве.

Пра тое, што перамовы з Еўразвязам аб спрашчэнні візавых працэдур зацягнуліся, прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз заявіў 21 чэрвеня. Паводле яго слоў, Беларусь не першы год вядзе працу па заключэнні пагаднення аб спрашчэнні візавых працэдур з ЕЗ. Праектам дакумента прадугледжваецца зніжэнне кошту шэнгенскіх віз з 60 да 35 еўра, выдача бясплатных віз асобным катэгорыям грамадзян (удзельнікам культурных, навуковых, гуманітарных праграм) і ў цэлым спрошчаны парадак падачы дакументаў. „Мы жа паслядоўна і на справе выступаем за спрашчэнне ўзаемных паездак”, — падкрэсліў прэс-сакратар МЗС.

Перамовы па заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі Беларусь і Еўразвяз вядуць ужо некалькі гадоў. Паводле наяўнай інфармацыі, застаюцца неўрэгуляванымі некалькі тэхнічных пытанняў — увядзенне біяметрычных пашпартоў, а таксама адкладзены перыяд па пагадненні аб рэадмісіі.

belapan.by