МЗС Беларусі правядзе пераакрэдытацыю замежных СМІ



Міністэрствам замежных спраў распрацаваная новая рэдакцыя палажэння аб парадку акрэдытацыі ў Беларусі журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі. Адпаведная пастанова Савета міністраў прынятая 2 кастрычніка.

Як паведаміла прэс-служба МЗС, у сувязі з прыняццем новых правілаў дзеянне выдадзеных раней акрэдытацыйных картак журналістаў замежных СМІ афіцыйна спыняецца 2 кастрычніка. З панядзелка, 5 кастрычніка, камісія па пытаннях акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ пры беларускім МЗС пачне працу ў новым складзе.

„Прыём заявак анлайн мы таксама плануем тэхнічна адкрыць з раніцы ў панядзелак. Для накіравання дакументаў на акрэдытацыю ў раздзеле прэс-службы афіцыйнага сайта МЗС трэба запоўніць анкету ў залежнасці ад віду: на часовую або пастаянную акрэдытацыю. Усе пададзеныя раней заяўкі будуць разгледжаныя ў першачарговым парадку. Неабходнасці паўторнай падачы няма. У адпаведнасці з нормамі новага палажэння прыярытэт пры акрэдытацыі будзе аддавацца грамадзянам дзяржаў, у якіх зарэгістраваны замежны СМІ”, — падкрэслілі ў міністэрстве.

Як адзначыла прэс-служба, МЗС „даўно і планамерна працавала над абнаўленнем працэдуры акрэдытацыі замежных СМІ”, бо дзейнае палажэнне было прынятае яшчэ ў 2008 годзе і ўжо не адпавядала ўзроўню развіцця медыйнай галіны, новым тэндэнцыям у заканадаўстве. У дакуменце ўтрымліваўся шэраг састарэлых палажэнняў, нормаў, што не прымяняліся на практыцы, дыскрымінацыйных пунктаў. „Мы ўважліва вывучылі вопыт суседніх краін (Польшчы, Латвіі і іншых), а таксама дзяржаў, якія традыцыйна пазіцыянуюцца ў якасці апірышчаў свабоды слова (да прыкладу Францыі). Былі прынятыя да ведама рэкамендацыі АБСЕ і Венецыянскай камісіі ў дачыненні да інстытута акрэдытацыі, — адзначылі ў дзяржоргане. — Улічаныя таксама асобныя крытычныя заўвагі, у тым ліку аб сітуацыі з немагчымасцю паўнавартаснага функцыянавання камісіі па пытаннях акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ МЗС Беларусі з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. У цяперашні час склад камісіі абноўлены, укараняюцца новыя формы яе працы ў мэтах мінімізацыі ў будучыні ўплыву на працэс атрымання акрэдытацыі форс-мажорных абставін”.

Паводле інфармацыі МЗС, новай рэдакцыяй палажэння ўведзеныя шэраг нормаў, скіраваных на спрашчэнне і аблягчэнне парадку атрымання акрэдытацыі для журналістаў: працэдуры падачы дакументаў на акрэдытацыю (як часовую, так і пастаянную), атрымання часовай акрэдытацыі пераведзеныя ў электронны фармат; журналісты атрымалі магчымасць самастойна раздрукаваць акрэдытацыйную картку для часовай акрэдытацыі; істотна скарочаныя тэрміны разгляду пададзеных на акрэдытацыю дакументаў — з 20 дзён да 5 для часовай акрэдытацыі, з двух месяцаў да 30 дзён для пастаяннай; уведзеная магчымасць працягу пастаяннай акрэдытацыі на тэрмін да трох гадоў (раней — толькі да года); пераведзеная ў прававыя рамкі праца журналістаў-фрылансараў у інтарэсах замежнага СМІ.

„У адпаведнасці з канцэпцыяй інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь найважнейшай мэтавай устаноўкай арганізацыі інфармацыйнай бяспекі з’яўляецца інфармацыйны суверэнітэт. У сітуацыі, якая складваецца, мы вымушаныя рэалізаваць сваё суверэннае права і прымяніць неабходныя ахоўныя меры, у тым ліку — у выглядзе новых норм палажэння. Упэўненыя, што новае палажэнне дазволіць Міністэрству замежных спраў, замежным СМІ і іх журналістам разам выбудаваць новую, больш эфектыўную і транспарэнтную мадэль узаемадзеяння ў мэтах распаўсюджвання аб’ектыўнай і рознабаковай інфармацыі аб Беларусі за мяжой”, — падсумавалі ў міністэрстве.

У канцы жніўня замежных і беларускіх журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ, пачалі масава пазбаўляць акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў. У прыватнасці былі ануляваныя акрэдытацыі карэспандэнтаў беларускай службы „Радыё Свабода”, BBC, Reuters, AFP, Міжнароднага французскага радыё (RFI), тэлеканала „Настоящее время” і іншых.

На нарадзе 23 ліпеня Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў пазбавіць акрэдытацыі замежныя СМІ, „калі яны не выконваюць нашы законы”. Ён сказаў, што „не трэба чакаць ніякага канца электаральнай кампаніі”. „Выдварайце адсюль, калі яны не выконваюць нашы законы і клічуць людзей на майданы”, — заявіў Лукашэнка.

„Што гэта за стаўленне да краіны? BBC, „Свабода”, „Свабодная Еўропа” і гэтак далей, стрымы гэтыя… Я ўжо не кажу пра тэндэнцыёз, яны ж заклікаюць да масавых беспарадкаў. Чаму вы гэта церпіце? Вы ж іх акрэдытавалі тут”, — заўважыў Лукашэнка чыноўнікам.

belapan.by