МЗС Беларусі спадзяецца, што ЗША хутка адменяць санкцыі



У Міністэрстве замежных спраў Беларусі спадзяюцца, што 2016 год стане апошнім годам дзеяння амерыканскіх санкцый у дачыненні да нашай краіны. „Відавочна, што санкцыйныя рашэнні, прынятыя ў 2006 годзе адміністрацыяй Джорджа Буша і прадоўжаныя на чарговы год, грунтуюцца на першапачаткова няправільным пасыле аб тым, што Беларусь можа выступаць крыніцай пагрозы бяспецы ЗША”, — цытуе словы прэс-сакратара МЗС Дзмітрыя Мірончыка БелаПАН.

Мірончык нагадаў, што ў апошнія гады Беларусь „робіць рэальны і шырока прызнаны ўнёсак у арганізацыю рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі”. Таму нядаўняе рашэнне ўладаў ЗША проста „дублюе папярэднія аналагічныя акты і не ўлічвае змены ў беларуска-амерыканскіх адносінах, што адбываюцца”.

МЗС Беларусі збіраецца працягваць дыялог з ЗША, каб санкцыі былі адмененыя яшчэ сёлета, у „юбілейны”, дзясяты, год іх дзеяння.

Адзначым, што апошнім часам Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў па пацяпленне адносін Беларусі і ЗША.