Беларускія вайскоўцы пагражаюць літоўцам сілавымі мерамі (абноўлена)



Камандуючы ВПС і войскамі СПА Узброеных сіл Беларусі пракаментаваў інцыдэнт з парушэннем мяжы літоўскім самалётам. У сувязі з гэтым, нагадаем, МЗС Беларусі 22 красавіка ўручыла ноту пратэсту паслу Літвы.

„19 красавіка ў 13:36 дзяжурнымі радыёлакацыйнымі сродкамі ВПС і войскаў СПА Беларусі быў выяўлены лёгкаматорны самалёт у раёне Вільні, які ажыццяўляў палёт у кірунку дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, — расказаў Двігалёў у інтэрв’ю, відэаверсія якога размешчана на сайце Міністэрства абароны. — У адпаведнасці з пагадненнем аб абмене інфармацыяй з літоўскім бокам мы праінфармавалі нашы сродкі, якія ўзаемадзейнічаюць, і літоўскі бок пра магчымае парушэнне дзяржаўнай мяжы гэтым паветраным суднам. Але паветранае судна працягнула палёт і ўвайшло ў паветраную прастору нашай дзяржавы. Пасля чаго зрабіла манеўр і вярнулася на тэрыторыю Літвы”.

Варта ўлічваць, паводле слоў Двігалёва, што парушэнне адбылося паблізу атамнай станцыі, якая будуецца.

„Парушальнік дзяржаўнай мяжы быў ідэнтыфікаваны як грамадзянскае паветранае судна. Мы ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права і заканадаўствам Рэспублікі Беларусь сілавых мер па гэтым самалёце не прымалі”, — сказаў камандуючы.

Пры гэтым, падкрэсліў ён, нягледзячы на добрасуседскія адносіны з Літоўскай Рэспублікай, „хацелася б, каб Літва разумела важнасць выканання пагадненняў, выконвала міжнароднае заканадаўства, не дапускала такіх парушэнняў са свайго боку”.

„Ваенна-паветраныя сілы і войскі СПА, калі такія выпадкі будуць паўтарацца, будуць вымушаныя прымяніць і сілавыя меры ўздзеяння”, — папярэдзіў Двігалёў.

„Хочацца верыць, што гэта была не наўмысная памылка пілота, а неспецыяльна спланаваная акцыя. Спадзяюся, літоўскі бок гэта пацвердзіць”, — сказаў камандуючы ВПС і войскамі СПА.

Паводле слоў начальніка ўпраўлення Узброеных сіл па выкарыстанні паветранай прасторы палкоўніка Германа Аляксандрава, Беларусь строга прытрымліваецца норм міжнароднага паветранага правы і мае права разлічваць на захаванне прынцыпу суверэнітэту сваёй паветранай прасторы з боку краін-суседзяў.

„Мы з разуменнем ставімся да сітуацый, якія ўзнікаюць пад уплывам фактару непераадольнай сілы або ў аварыйных сітуацыях. Аднак у дадзеным выпадку мы не бачым акалічнасцяў, якія апраўдаюць дапушчанае парушэнне мяжы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы”, — канстатаваў Аляксандраў.

22 красавіка ў Міністэрства замежных спраў Беларусі быў выкліканы пасол Літоўскай Рэспублікі Андрус Пулокас, якому ўручаная нота пратэсту.

„Падчас сустрэчы кіраўніку літоўскай дыпмісіі была ўручаная нота, у якой беларускі бок заявіў пратэст у сувязі з зафіксаваным фактам парушэння Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь літоўскім паветраным суднам”, — гаворыцца ў паведамленні беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Як адзначае МЗС, парушэнне дзяржаўнай мяжы з боку Літвы было зафіксаванае 19 красавіка ў 13 гадзін 40 хвілін. Паветранае судна паглыбілася на тэрыторыю Беларусі на адлегласць да 8 км і ў 13 гадзін 43 хвіліны, здзейсніўшы разварот, выйшла за межы паветранай прасторы краіны. Увесь час знаходжання ў паветранай прасторы Беларусі самалёт кантралявалі сродкі супрацьпаветранай абароны.

Як падкрэслена ў ноце МЗС, беларускі бок чакае растлумачэнняў адносна інцыдэнту.

belapan.by