МЗС Беларусі выказала спачуванні Германіі
Прэс-служба Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з заявай у сувязі з чыгуначнай катастрофай у Германіі.
„У Рэспубліцы Беларусь ўзрушаныя чыгуначнай катастрофай, якая здарылася 9 лютага 2016 года каля Бад-Айблінга. МЗС Беларусі выказвае глыбокія спачуванні і словы шчырай падтрымкі родным і блізкім загінулых, а таксама пажаданні найхутчэйшага выздараўлення шматлікім пацярпелым у выніку гэтага жудаснага здарэння”, — гаворыцца ў заяве.
У Баварыі недалёка ад горада Бад-Айблінг раніцай 9 лютага адбылося лабавое сутыкненне двух пасажырскіх экспрэсаў. Паводле апошніх звестак, у выніку сутыкнення загінулі 10 чалавек, больш за 150 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Яшчэ адзін чалавек лічыцца зніклым без вестак.
Загінулі машыністы і праваднікі абодвух цягнікоў. У аварыю трапілі два экспрэсы Meridian, якія кіруюцца прыватнай еўрапейскай чыгуначнай кампаніяй.
Пра прычыны крушэння можна будзе казаць толькі пасля таго, як будуць расшыфраваныя і прааналізаваныя запісвальныя прылады, заявіў у Бад-Айблінгу міністр транспарту ФРГ Аляксандэр Добрынт.