МЗС Беларусі выклікала часовага паверанага ў справах Польшчы
Польскаму дыпламату ўказалі на неабходнасць дыялогу для дээскалацыі „і без таго няпростай сітуацыі ў двухбаковых адносінах”. Што да верталётаў, паводле сцвярджэнняў Варшавы, якія парушылі паветраную прастору Польшчы, то ў беларускім ведамстве паказалі часоваму паверанаму „дадзеныя аб’ектыўнага кантролю траекторыі палётаў”.
Пра гэта паведамляе прэс – служба МЗС Беларусі.
У МЗС таксама паведамілі, што заклікалі польскі бок „не нагнятаць сітуацыю і не выкарыстоўваць яе для мілітарызацыі памежнай прасторы”.
Нагадаем, 1 жніўня ў небе над польскай Белавежай ў Падляскім ваяводстве ля польска-беларускай мяжы заўважылі беларускія вайсковыя верталёты. У Аператыўным камандаванні Узброеных сіл Польшчы запэўнівалі, што парушэнні паветранай прасторы зафіксавана не было, але вечарам 1 жніўня Міністэрства абароны Польшчы заявіла аб тым, што парушэнне паветранай прасторы краіны беларускімі ваеннымі верталётамі ўсё ж было.