МЗС Беларусі: Забаўны дакумент, забаўныя лічбы



„Забаўны дакумент, забаўныя лічбы”, — сказаў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык 2 чэрвеня на брыфінгу ў Менску, каментуючы нядаўна апублікаваны аўстралійскай арганізацыяй Walk Free Foundation даклад пра сітуацыю з рабствам ў свеце Global Slavery Index.

Дзмітрый Мірончык

Згодна з дакументам, у Беларусі налічваецца больш за 44 тысяч рабоў.

„Першае пытанне, якое паўстала: а гэтыя людзі ў Беларусі былі? І калі былі, на якім нявольніцкім рынку яны лічылі рабоў па галовах? — сказаў Мірончык. — Яны там крытыкуюць суботнікі. У Беларусі, як і ў шэрагу іншых еўрапейскіх краін, ёсць традыцыя раз на год усёй грамадой працаваць на агульную карысць. Дзесьці гэта называецца суботнік, дзесьці талака, дзесьці еўрапейскі тыдзень. Аўстралійскай НУА гэта незразумела, яны гэта крытыкуюць. Але мне, напрыклад, таксама незразумела, як уся Аўстралія раз на год замірае, калі праходзяць скачкі на кубак Мельбурна. Прымусовы выхадны фактычна. Але мы ж у гэта не лезем”.

Мірончык таксама зазначыў, што ў дакладзе літаральна ў некалькіх краінах свету даследчыкі налічылі менш рабоў, чым у іх роднай Аўстраліі. „У Нарвегіі яны налічылі 900 рабоў, у Новай Зеландыі — 800 рабоў, у Ісландыі — 400. Падобная дакладнасць мае на ўвазе наяўнасць ледзь не пайменна спісаў. Спіс у студыю. Адразу, напэўна, трэба дамагацца вызвалення, калі ведаеш, што іх 400, па галовах. Гэта ж паўсюль злачынства”, — сказаў ён.

Мірончык падкрэсліў, што ацэнкі сітуацыі з рабствам дае спецыяльны дакладчык Савета ААН па правах чалавека па сучасных формах рабства. „Мы з гэтым спецыяльным дакладчыкам вельмі канструктыўна ўзаемадзейнічаем. Гэтак жа сама, як Беларусь акуратна выконвае свае абавязацельствы па канвенцыях па барацьбе з рабствам. І ні разу наша краіна не крытыкавалася што да іх невыканання”, — сказаў прэс-сакратар.

Ён таксама зазначыў: „Мы, безумоўна, вітаем дзейнасць міжнародных НУА, скіраваную на супрацьдзеянне сучасным формам рабства. Але не трэба даводзіць добрую ідэю да абсурду. А ацэнкі няхай даюць спецыялізаваныя структуры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”.

Даследаванне пра рабства ў сучасным свеце правялі арганізацыя Walk Free Foundation і даследчая кампанія Gallup. У ім гаворыцца, што 45,8 млн. чалавек у свеце знаходзяцца ў рабстве, на 10 млн. больш, чым два гады таму.

Як адзначаецца ў паведамленні на сайце Walk Free Foundation, пад рабствам маюцца на ўвазе розныя віды прымусовай працы і прастытуцыі, гандлю органамі і людзьмі, а таксама любыя ўзаемаадносіны, якія парушаюць прынцып роўнасці і ўсеагульнага права чалавека на годнасць і свабоду.

У Беларусі ў рабстве, паводле справаздачы, знаходзіцца 44.600 чалавек, або 0,467% насельніцтва. Пры гэтым у рэйтынгу намаганняў урадаў па барацьбе з сучасным рабствам Беларусі прысвоеная катэгорыя ССС. У метадалагічнай частцы даследавання тлумачыцца, што ў гэтую катэгорыю трапляюць краіны з „абмежаванай рэакцыяй на сучаснае рабства, абмежаваным наборам службаў па падтрымцы ахвяр рабства, дзе пад дзеянне крымінальнага кодэкса падпадаюць некаторыя віды рабства і праводзіцца палітыка, якая забяспечвае пэўную абарону для ўразлівых слаёў”.

У гэтай катэгорыі акрамя Беларусі таксама Казахстан, Кітай, Манголія, Аман, Лаос, Таджыкістан, Эфіопія, Егіпет.