МЗС Беларусі занепакоена эскалацыяй гвалту на мяжы Газы і Ізраіля
МЗС Беларусі выказала занепакоенасць эскалацыяй гвалту на мяжы Газы і Ізраіля.
„У Рэспубліцы Беларусь занепакоеныя эскалацыяй гвалту на размежавальнай рысе паміж ізраільскімі і палесцінскімі тэрыторыямі, асабліва ў раёне сектара Газа, што прывяло да шматлікіх ахвяр сярод цывільнага насельніцтва, — гаворыцца ў апублікаванай 15 траўня заяве МЗС Беларусі. — Заклікаем бакі канфлікту да стрыманасці і адмовы ад дзеянняў, якія могуць мець вынікам далейшае кровапраліцце”.
МЗС рэкамендуе беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца ў Ізраілі, пазбягаць месцаў правядзення акцый пратэсту.
Пратэсты пачаліся 14 траўня ў сувязі з пераводам і ўрачыстым адкрыццём пасольства ЗША ў Іерусаліме.
Тэлеканал „Еўраньюс” са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя Палесціны паведаміў больш чым пра 50 загінулых і 2.200 пацярпелых падчас пратэстаў палесцінцаў.
„За некалькі гадзін да адкрыцця амерыканскага пасольства ў Іерусаліме дзясяткі тысяч жыхароў анклава накіраваліся да мяжы з яўрэйскай дзяржавай. Удзельнікі пратэстаў атакавалі раздзяляльны плот бяспекі, кідалі камяні і падпаленыя пакрышкі ў ізраільскіх ваенных”, — адзначае „Еўраньюс”.
14 мая Ізраіль святкаваў дзень заснавання дзяржавы, а 15 траўня ў Палесціне адзначаюць „Ан Накба” — дзень выгнання сотняў тысяч арабаў з ізраільскай тэрыторыі ў 1948 годзе.
Армія Ізраіля перакідае дадатковыя войскі ў сектар Газа і на Заходні бераг ракі Іардан, рыхтуючыся да новых спроб палесцінцаў прарвацца праз мяжу.