МЗС Беларусі заявіла пра змену настрояў у Еўрапарламенце



Колькасць прыхільнікаў збліжэння з Беларуссю ў Еўрапарламенце „паступова ўзрастае”.

Пра гэта заявіў першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка 30 сакавіка на семінары ў Палаце прадстаўнікоў на тэму „Актуальныя пытанні міжнароднай дзейнасці і развіцця міжпарламенцкага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь”.   „Толькі нашымі агульнымі намаганнямі можна будзе пераканаць еўрапарламентарыяў па-новаму зірнуць на Беларусь і на значэнне нашай краіны для Еўропы, адэкватна ацаніць яе ўклад у забеспячэнне рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці”, — сказаў ён.   Еўдачэнка таксама адзначыў, што цяпер актыўна развіваецца супрацоўніцтва Беларусі з Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая разглядаецца „ў якасці важнага форуму для прасоўвання нашых знешнепалітычных ініцыятыў і вядзення дыялогу з ключавымі дзяржавамі і структурамі еўраатлантычнага рэгіёну”.   „На цяперашнім этапе самым актуальным пытаннем парадку дня АБСЕ з’яўляецца ўрэгуляванне ўкраінскага крызісу. Лічым, што менавіта ўкраінскі канфлікт прадэманстраваў, што АБСЕ нельга спісваць з рахункаў, але неабходна ўсяляк садзейнічаць яе развіццю”, — адзначыў ён.   Першы намеснік міністра таксама адзначыў „пазітыўную дынаміку” дыялогу Нацыянальнага сходу з Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы. „У 2015—2016 гадах беларускія дэпутаты неаднаразова бралі ўдзел у слуханнях аб сітуацыі ў Беларусі ў камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі, а таксама ў тэматычных канферэнцыях”, — сказаў Еўдачэнка.

belapan.by