МЗС Чэхіі катэгарычна адрэагавала на дзеянні Расеі
Міністэрства замежных спраў Чэхіі катэгарычна адмаўляе ўмяшанне Расеі ва ўнутраныя справы Чэшскай Рэспублікі ў звязку з адкрыццём Следчым камітэтам Расеі крымінальнай справы супраць муніцыпальных уладаў Прагі з-за дэмантажу помніка савецкаму маршалу Коневу.
Пра гэта гаворыцца ў заяве чэшскага знешнепалітычнага ведамства, якое апублікавана 10 красавіка.
„Міністэрства замежных спраў Чэхіі катэгарычна адмаўляе ўмяшанне дзяржаўных органаў РФ ва ўнутраныя справы Чэшскай Рэспублікі. Калі ўлады Расеі прадоўжаць свае канфрантацыйныя заявы і дзеянні ў такім жа духу, гэта стане сігналам таго, што яны страцілі інтарэс да развіцця ўзаемавыгодных дачыненняў паміж нашымі краінамі”, – сказана ў афіцыйнай заяве.
У МЗС падкрэслілі, што мясцовае самакіраванне ў Чэхіі „ёсць неад’емнай часткай канстытуцыйнага ладу” і судовы пераслед дэмакратычна абраных прадстаўнікоў замежнай дзяржавай за выконванне іх мандату недапушчальна”.
МЗС таксама звяртае ўвагу на тое, што Чэхія паважае ўсіх загінуўшых чырвонаармейцаў, якія змагаліся за вызваленне краіны ў час Другой сусветнай вайны, і нагадвае, што акрамя расейцаў, за вызваленне тагачаснай Чэхаславакіі змагаліся „украінцы, беларусы і іншыя народы тагачаснага СССР”.
Беларускае Радыё Рацыя