МЗС Даніі будзе выкарыстоўваць для абазначэння Беларусі назву Belarus замест Hviderusland



Міністэрства замежных спраў Даніі будзе выкарыстоўваць назву Belarus замест Hviderusland, паведамляецца ў „Твітэры” дацкага знешнепалітычнага ведамства.

„Для нас прыйшоў час выкарыстоўваць гэтую назву, запатрабаваную беларускай грамадзянскай супольнасцю і народам”, — заявіў міністр замежных спраў Даніі Епе Кофад.

Паводле слоў Кофада, такое рашэнне прынятае на просьбу беларусаў.

„Але гэта таксама варта разглядаць як маральную падтрымку мірных пратэстаў у краіне, — цытуе міністра выданне dr.dk. — Не варта недаацэньваць падтрымку, якую можна аказаць пры змене назвы. І я ведаю, што людзі гэта цэняць, таму што гаворка ідзе пра ідэнтычнасць, нацыянальную незалежнасць і павагу”.

belapan.by