МЗС: Дыпламатычнае прадстаўніцтва Літвы будзе скарочанае да мінімуму



Дыпламатычнае прадстаўніцтва Літвы ў Беларусі будзе скарочанае да мінімуму, гаворыцца ў прынятай 6 ліпеня заяве беларускага Міністэрства замежных спраў.

„У сувязі з сістэматычнымі недружалюбнымі дзеяннямі Літвы, якія груба парушаюць дамову аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай, сёння ў Міністэрства замежных спраў была выкліканая часовы павераны ў справах Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Аста Андрыяўскене. Літоўскаму дыпламату паказана, у прыватнасці, на катэгарычную непрымальнасць заяў кіраўніцтва МЗС Літвы аб надзяленні нейкіх эфемерных структур у выглядзе офіса т.зв. „Беларускага дэмакратычнага прадстаўніцтва” ў Вільнюсе афіцыйным дыпламатычным статусам”, — гаворыцца ў заяве.

Як адзначае МЗС, вышэйзгаданае рашэнне Літвы „працягвае серыю распачатых у апошні час афіцыйным Вільнюсам недарэчных і адкрыта варожых захадаў, якія прама супярэчаць духу і ўзроўню добрасуседскіх адносін і падрываюць двухбаковае супрацоўніцтва”.

„Відавочна, што з міжнародна-прававога пункту гледжання ўрад Літвы ператварыў свае суверэнныя паўнамоцтвы ў выбудоўванні міждзяржаўных адносін у фарс, у якім беларускі бок не мае намеру прымаць удзел. У сувязі з гэтым да часовага паверанага ў справах даведзеная інфармацыя аб рашэнні Беларусі скараціць да мінімуму дыпламатычнае прадстаўніцтва Літвы ў нашай краіне на перыяд да адмены ёю ўчарашняй і іншых недружалюбных ініцыятыў, якія распальваюць канфрантацыю ў адносінах з Беларуссю”, — гаворыцца ў заяве.

Беларускае МЗС падкрэслівае, што „публічныя развагі афіцыйных асоб Літвы аб т.зв. „прадстаўніцтве беларускай дэмакратыі” не маюць нічога агульнага з палажэннямі Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах 1961 года”.

„Па сутнасці гэта толькі чарговае дзіўнае рашэнне МЗС Літвы, якое, кажучы сухой, але дакладнай юрыдычнай мовай, з’яўляецца нікчэмным па сваіх міжнародна-прававых падставах і наступствах, — адзначаюць у беларускім знешнепалітычным ведамстве. — Разам з тым пастанова закліканая, відавочна, дапамагчы літоўскім уладам абгрунтаваць сваім падаткаплацельшчыкам немалыя фінансавыя выдаткі на ўтрыманне асоб, якія пакінулі Беларусь і называюць сябе яе прадстаўнікамі. Гэта, мабыць, адзіная лагічная трактоўка ўчарашніх вербальных эскапад кіраўніка МЗС Літвы”.

„У той жа час характэрна, што гэты крок фармальна тлумачыцца ў Літве тым, што супрацоўніцтва з т.зв. „афіцыйным прадстаўніцтвам” адпавядае мэтам літоўскай знешняй палітыкі і нацыянальнай бяспекі. Гэта значыць літоўскі бок сам пацвердзіў аўтарства і „прыналежнасць” ініцыятывы па стварэнні, прасоўванні і фінансаванні гэтага праекта. Вольная і вельмі своеасаблівая інтэрпрэтацыя літоўскімі ўладамі палажэнняў дыпламатычнага і міжнароднага права не падменіць сапраўднага становішча рэчаў. Наданне заведама нелегітымным структурам уяўнага афіцыйнага статусу так і застанецца ілюзорнай спробай сфармаваць паралельную рэальнасць”, — гаворыцца ў заяве.

Адзначаецца, што беларускі бок „распачне намаганні па пошуку спосабаў мінімізацыі наступстваў негатыўных рашэнняў літоўскага ўрада на грамадзян Літвы і знойдзе спосаб да працягу і захавання ўзаемадзеяння, а таксама традыцыйна добрасуседскіх адносін з дружалюбным літоўскім народам”.

Як паведамлялася, напярэдадні офіс Святланы Ціханоўскай атрымаў у Літве дыпламатычны статус афіцыйнага прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі. Адпаведнае пасведчанне беларускаму дэмакратычнаму лідару 5 ліпеня ўручыў кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.

Паводле слоў Ціханоўскай, надзяленне яе офіса дыпламатычным статусам з’яўляецца „важным крокам да дэлегітымацыі рэжыму Лукашэнкі і паўторнага сцвярджэння новай беларускай большасці”.

„Гэты статус азначае, што народ Беларусі цяпер мае прадстаўніцтва ў краіне Еўрапейскага саюза. І, што не менш важна, гэта яшчэ адзін выдатны прыклад салідарнасці і падтрымкі Літвы. І сёння ад імя ўсіх беларусаў хачу вам за гэта падзякаваць”, — прыводзіць словы Ціханоўскай яе прэс-служба.

belapan.by