МЗС ФРГ: Калі Лукашэнка не адрэагуе, будуць новыя санкцыі



Лукашэнка павінен нарэшце праявіць гатоўнасць да дыялогу, заявіў міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас у інтэрв’ю газеце Bild am Sonntag.

„Я заклікаю Лукашэнку весці перамовы з апазіцыяй, арганізаваць новыя выбары, спыніць блакаванне і разгон мірных дэманстрацый, паважаць правы чалавека і свабоду СМІ”, — сказаў Маас.

Ён нагадаў, што ЕЗ не прызнаў афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і прыняў рашэнне аб санкцыях. „Цяпер мы ўводзім іх. Калі Лукашэнка не адрэагуе, будуць новыя санкцыі”, — папярэдзіў міністр.

Раней Маас заявіў, што Лукашэнка павінен „прызнаць рэальнасць на вуліцах сваёй краіны, гэтак жа як і рэальнасць у галовах людзей у гэтай краіне”.

19 жніўня на пазачарговай сустрэчы Еўрапейскага савета аб сітуацыі ў Беларусі кіраўнікі краін ЕС дамовіліся аб увядзенні санкцый супраць тых, хто адказны за гвалт і рэпрэсіі ў дачыненні да мірных грамадзян, а таксама за фальсіфікацыю выбараў.

6 верасня міністр замежных спраў Чэхіі Томаш Петржычак паведаміў, што санкцыі будуць уведзеныя не пазней за 21 верасня. „Першапачаткова ў санкцыйны спіс уваходзіла 20 асоб, адказных за маніпуляцыі падчас выбараў і прымяненне сілы супраць удзельнікаў акцый пратэсту. Мы зноў назіраем жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі, так што гэты спіс найбліжэйшымі днямі мы можам пашырыць”, — сказаў Петржычак.

belapan.by

Фота: РИА Новости