МЗС ФРГ: Маштабы гвалту і рэпрэсій з боку ўладаў Беларусі шакуюць



Урад ФРГ рашуча асуджае гвалт і рэпрэсіі ў Беларусі, маштабы якіх шакуюць, заявіў намеснік спікера Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі.

„Да нас дайшла інфармацыя, у адпаведнасці з якой у Менску да смерці быў збіты чалавек. Мяркуючы па наяўнай у нас інфармацыі, ён быў збіты сілавікамі ў масках. Мы выказваем глыбокія спачуванні яго сям’і, сябрам і ўсяму беларускаму народу. Мы ўзрушаныя тым, што адбылося, і лічым, што неабходна тэрмінова правесці незалежнае расследаванне гэтай справы”, — гаворыцца ў заяве.

„Маштабы гвалту і рэпрэсій з боку ўладаў Беларусі шакуюць. Хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць неаднаразова сказанае ў дачыненні да Беларусі, а менавіта, што федэральны ўрад рашуча асуджае гвалт і рэпрэсіі. Мы з глыбокай занепакоенасцю адзначаем, што ўжыванне гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў з боку дзяржавы ў апошні час зноў узрасло”, — падкрэсліў прадстаўнік МЗС ФРГ і дапоўніў, што смерць Рамана Бандарэнкі — „самым трагічным і сумным чынам яскравае гэтаму пацвярджэнне”.

У іншых выпадках, працягнуў ён, лічбы таксама кажуць самі за сябе. „Толькі ў мінулую нядзелю было арыштавана больш за 1.000 чалавек. Былі распачатыя сотні крымінальных спраў супраць мірных дэманстрантаў толькі таму, што яны бралі ўдзел у пратэстах. Гэта непрымальна, і гэта зусім ясна супярэчаць тым абавязацельствам, якія Беларусь узяла на сябе ў рамках АБСЕ”, — падкрэсліў намеснік спікера Федэральнага міністэрства замежных спраў.

„Таму мы зноў і зноў заклікаем Беларусь, нарэшце, прыняць прапановы па ўступленні ў дыялог са сваім насельніцтвам, правесці незалежнае расследаванне шматлікіх парушэнняў правоў чалавека і аддаць пад суд вінаватых”, — падсумаваў прадстаўнік МЗС ФРГ.

belapan.by