МЗС Германіі абяцае дадатковыя санкцыі супраць Лукашэнкі



Міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас пацвердзіў гатоўнасць падтрымаць трэці пакет санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, калі Лукашэнка не зробіць саступак. Пра гэта ён заявіў у звароце да ўдзельнікаў анлайн-канфэрэнцыі пад назвай «Менскі форум».

«Калі Лукашэнка і яго прыхільнікі не паддадуцца, то мы крок за крокам пашырым гэтыя санкцыі, гэта рашэнне ЕЗ», — цытуе Мааса REFORM.by са спасылкай на ТАСС.

Таксама Маас заявіў, што ідуць кансультацыі аб магчымым крымінальным пераследзе адказных за празмерны гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў у Беларусі.

«Мы кансультуемся з нашымі еўрапейскімі партнёрамі, як можна сабраць неабвержныя доказы штодзённых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, і ўрэшце пачаць судовы пераслед вінаватых», — сказаў ён.

Да гэтага часу санкцыі ЕЗ уключалі абмежаванні на ўезд і замарожванне рахункаў беларускіх чыноўнікаў. Усяго пад іх трапілі 55 чалавек. Цяпер Еўразвяз працуе над трэцім пакетам санкцый, у якім можа быць пашыраны спіс чыноўнікаў. Акрамя таго, пад санкцыі могуць трапіць установы і кампаніі з Беларусі, а таксама бізнесмены.

Маас таксама выказаў падтрымку беларусам, якія, нягледзячы ні на што, выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю.

«Крызіс апошніх месяцаў кардынальна змяніў Беларусь: разбураецца старая сістэма — расце новая Беларусь. Германія і Еўропа стаяць на баку адважных мужчын і жанчын, якія кожны дзень і кожны тыдзень адстойваюць новую Беларусь», — прыводзіць яго словы нямецкі МЗС.

novychas.by