МЗС Германіі ўзначаліць прыхільніца санкцый супраць Менска і жорсткага курсу адносна Масквы



Партыі-ўдзельніцы будучага ўрада Германіі на чале з сацыял-дэмакратам Олафам Шольцам дамовіліся аб падзеле пасад у кабінеце міністраў. МЗС Германіі узначаліць сустаршыня «зялёных» Аналена Бербакпаведамляе нямецкае тэлебачанне.

У знешняй палітыцы Бербак мае рэпутацыю жорсткага і паслядоўнага праціўніка аўтарытарызму. У тым ліку «зялёныя» з’яўляюцца найбольш актыўнымі крытыкамі аўтакратый у Менску і Маскве.

Яшчэ ў канцы мая Бербак заклікала пашырыць санкцыі ЕЗ супраць беларускіх уладаў і ўвесці штрафныя меры ў дачыненні да нафтавай галіны Беларусі. Менавіта «зялёныя» былі найбольш актыўныя ў публічнай падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці на фоне палітычных рэпрэсій у нашай краіне.

Бербак (як і іншыя «зялёныя») ставіцца да Крамля досыць насцярожана. Напрыклад, яна не падтрымлівае запуск «Паўночнага патоку — 2». На яе думку, гэты праект «супярэчыць еўрапейскім мэтам па абароне клімату і ўсім санкцыям ЕЗ супраць Расеі». Больш за тое, газаправод «супярэчыць геастратэгічным інтарэсам еўрапейцаў, ён выразна накіраваны супраць Украіны».

Увесну 2021 года, калі Расея ўзмацніла свой кантынгент на мяжы з Украінай, Бербак прапанавала ў адказ узмацніць ціск на Маскву. Крэмль нават спрабаваў перашкаджаць перадвыбарнай кампаніі Бербак. Для гэтага выкарыстоўваліся хакерскія атакі і дэзінфармацыя ў сацсетках.

nashaniva.com