МЗС і паслы ЕЗ абмеркавалі „праблемныя пытанні”



Адносіны Беларусі і Расейскай Федэрацыі, а таксама развіццё еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў абмеркаваны 11 снежня падчас сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў з кіраўнікамі дыпламатычных місій краін – членаў ЕЗ, размешчаных у Менску.

„У ходзе гутаркі адбыўся абмен меркаваннямі па праблемных пытаннях у адносінах Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі, а таксама развіцця еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў. У гэтым кантэксце была адзначана важнасць дыялогу і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ез”, – паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Акрамя гэтага адзначаецца, што міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей таксама правёў тэлефонныя размовы з некаторымі калегамі з краін – членаў ЕЗ і абмеркаваў з імі развіццё сітуацыі ў рэгіёне і беларуска-еўрапейскія адносіны.

Нагадаем, расейскія ўлады ў лістападзе заблакіравалі пастаўкі на ўнутраны рынак многіх беларускіх харчовых тавараў. У прыватнасці, Рассельгаснагляд увёў забарону на пастаўкі ў РФ малочнай і мясной прадукцыі буйных беларускіх прадпрыемстваў. Прынятае рашэнне расейскае ведамства матывавала тым, што партыі беларускай прадукцыі не адпавядаюць нормам і патрабаванням, прадугледжаным расійскім заканадаўствам.

Між тым беларускія ўлады сцвярджаюць, што айчынная харчовая прадукцыя, што экспартуецца ў Расею, адпавядала заяўленай якасці.

Аляксандр Лукашэнка выказваў неразуменне наконт таго, што расейскія ўлады забаранілі пастаўкі беларускага харчавання. „Мяне сёння паводзіны расейскіх улад не проста здзіўляюць, а засмучаюць”, – заявіў ён, прымаючы 27 лістапада ў Менску губернатара Санкт-Пецярбурга Георгія Палтаўчанку.

Кіраўнік беларускай дзяржавы тады папярэдзіў: калі пастаўкі беларускай прадукцыі не будуць адноўлены, Беларусь прыме меры ў адказ. „Не трэба нас прэсаваць. Мы былі вам надзейнымі сябрамі і будзем. Але калі вы нас пачнеце шчаміць, вы ведаеце, што я цярпець не буду”, – заявіў Лукашэнка.

Увядзенне Расеяй абмежаванняў на экспарт беларускага харчавання зноў выклікала рэзкую крытыку ў яе адрас з боку Аляксандра Лукашэнкі 9 снежня на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам. Беларускі кіраўнік заявіў: „Вы нас папрасілі паставіць вось гэтыя аб’ёмы малочных і мясных прадуктаў, рыбы і гэтак далей, усё распісалі. Дык яшчэ гэтыя квоты не выбраны, мы яшчэ не паставілі гэтыя аб’ёмы. Што ж нас папракаць, што мы ўжо занадта перакармілі вас, расейцаў. І потым, гэта наогул не сур’ёзна. Мы вось на гэтую тэму мала звяртаем увагі, але гэта не значыць, што яна не існуе. Гэта не тое што нядобрасумленная канкурэнцыя, гэта наогул наш брат родны (расейцы), ён жа не проста не пускае нашу прадукцыю – стварае ёй антырэкламу, заяўляючы пра тое, што яна небяспечная і яшчэ там чагосьці”.

На нарадзе 11 снежня Аляксандр Лукашэнка зноў закрануў канфліктную сітуацыю з абмежаваннем паставак беларускага харчавання ў Расею. „Не мы былі прычынай такога канфлікту, – заявіў Лукашэнка. – Бо ўсе этапы былі пройдзены, пачынаючы ад перамоў з пятровымі, івановымі, данквертамі, з урадам Расейскай Федэрацыі, ну, апошняя ўжо ступень – прэзідэнты. Таму папракаць беларусаў няма чаго ў тым, што гэты скандал, калі яго можна так назваць, выбухнуў. Але гэта не першы раз”.

belapan.by