МЗС Ірака выступіла з заявай з нагоды гібелі іракскага грамадзяніна
МЗС Ірака выступіла з заявай з нагоды гібелі на беларуска-літоўскай мяжы іракскага грамадзяніна.
„Пасольства Рэспублікі Ірак у Маскве з пільнай увагай сочыць за інцыдэнтам, які прывёў да забойства грамадзяніна Ірака на мяжы Беларусі і Літвы. Мы зноў заклікаем усіх іракцаў не станавіцца мішэнню сетак кантрабанды і гандлю людзьмі”, — гаворыцца ў заяве.
4 жніўня Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі паведаміў, што на беларуска-літоўскай мяжы памёр замежнік. „Уначы, паводле інфармацыі мясцовых жыхароў, паблізу беларуска-літоўскай мяжы ў раёне населенага пункта Беняконі знойдзены мужчына неславянскай знешнасці, — гаворыцца ў паведамленні. — Знешне стан ацэньваўся як вельмі цяжкі. Беларускія памежнікі на месцы аказалі першую медыцынскую дапамогу, але, нягледзячы на гэта, мужчына памёр”.
Інфармацыя аб гібелі чалавека на беларуска-літоўскай мяжы з’явілася раніцай 4 жніўня ў беларускіх дзяржаўных СМІ і праўладных тэлеграм-каналах.
Тэлеграм-канал „Пул Першага” паведаміў, што „аб шакавальным забойстве іракца, які вяртаўся з Літвы”, неадкладна паінфармаваны Аляксандр Лукашэнка.
Следчы камітэт Беларусі распачаў справу па ч. 1 арт. 139 КК (забойства). Следчыя высвятляюць, пры якіх абставінах загінуў грамадзянін Ірака.
Літоўскія памежнікі заявілі, што не атрымлівалі інфармацыі пра інцыдэнт з грамадзянінам Ірака ад беларускіх уладаў. „Літоўскія памежнікі даведаліся пра гэта з паведамленняў у СМІ і сацыяльных сетках”, — заявіў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Рокас Пукінскас.
Міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас назваў інцыдэнт з гібеллю мігранта на мяжы з Беларуссю правакацыяй.
Фота: mofa.gov.iq