Падчас нападу ХАМАСу на Ізраіль загінула нараджэнка Беларусі (абноўлена)



25-гадовую Алену Астапенку пахавалі ўчора ўначы, распавяла тэлеграм-каналу «Осторожно, новости» маці дзяўчыны.

Паводле звестак каналу, Алена Астапенка эмігравала ў Ізраіль з мамай і старэйшай сястрой у 2000 годзе з Рэчыцы. Раніцай 7 кастрычніка падчас нападу баевікоў ХАМАС на паўднёвыя паселішчы Ізраіля Алена патрулявала ўчастак у горадзе Афакім.

МЗС Беларусі і амбасада Беларусі ў Ізраілі не паведамлялі пра гібель беларусаў у Ізраілі. Раней стала вядома пра тры выпадкі ранення грамадзян Беларусі: маці і сын былі параненыя ў Ашкелоне, яшчэ адна беларуска пацярпела, калі спускалася ў бомбасховішча.

Агульная колькасць ахвяраў з двух бакоў ужо перавысіла 2 тысячы:  у Ізраілі загінулі больш за 1200 чалавек, у тым ліку 155 вайскоўцаў, а ў Газе — 900 чалавек, у тым ліку 260 дзяцей і 230 жанчын, паведамляе Associated Press. Тысячы параненых з абодвух бакоў.

* * *

МЗС Ізраілю апублікавала свежыя звесткі пра загінулых падчас атакі ХАМАСу замежнікаў. Найбольш пацверджаных ахвяраў-іншаземцаў былі з Тайланду. З гэтай азіяцкай краіны загінулі ажно 18 чалавек, яшчэ 15 зніклі без вестак. Найменш 11 грамадзян Тайланду − у закладніках.

Найменш 11 забітых баевікамі асобаў былі грамадзянамі ЗША. Шмат амерыканцаў таксама зніклі без вестак, іх лёс пакуль немагчыма высветліць. 7 забітых − грамадзяне Аргентыны. Яшчэ 15 аргентынцаў зніклі. 10 чалавек, забітых ХАМАСам, мелі грамадзянства Непалу. Украінцаў загінула найменш два, грамадзян Расеі − чацвёра (усе яны дадаткова мелі грамадзянства Ізраілю і пражывалі ў гэтай краіне). 

Звестак пра забітых ХАМАСам беларусаў на гэты момант няма. Аднак, вялікая колькасць нашых суайчыннікаў цяпер знаходзіцца ў Ізраілі ды хоча пакінуць ягоную тэрыторыю.

Беларускае Радыё Рацыя