МЗС Літвы: Чарговая спроба пагражаць сваім суседзям і ўсяму еўрапейскаму кантыненту



Міністэрства замежных спраў Літвы пракаментавала намер Расеі размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю.

У Вільні разглядаюць яго, як „чарговую спробу двух непрадказальных дыктатарскіх рэжымаў пагражаць сваім суседзям і ўсяму еўрапейскаму кантыненту”.

„Гэта адчайныя крокі Пуціна і Лукашэнкі, накіраваныя на тое, каб выклікаць чарговую хвалю напружанасці і дэстабілізацыі ў Еўропе, — гаворыцца ў заяве. — Такія дзеянні яшчэ больш уцягваюць Беларусь у вайну з Украінай і ў канфрантацыю з дэмакратычным светам. Беларусь, якая ўсё больш пазбаўляецца суверэнітэту, падтрымлівае расійскую агрэсію і садзейнічае ёй, усё больш інтэгруецца ў расійскія вайсковыя планы ў якасці дадатковага фактару рызыкі для Балтыйскага рэгіёну”.

Літва збіраецца абмеркаваць са сваімі еўраатлантычнымі партнёрамі, „як рэагаваць на гэтыя мілітарысцкія планы расійскага і беларускага рэжымаў”.

Пра планы размяшчэння ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі Уладзімір Пуцін заявіў увечары 25 сакавіка. Ён лічыць, што Расія не парушае рэжыму яе нераспаўсюду, паколькі Беларусь не атрымае кантролю за ядзернымі зарадамі.

Беларускія дэмсілы лічаць, што наша краіна апынецца пад ударам.