МЗС Літвы і Іраку праводзяць перамовы пра наплыў мігрантаў праз Беларусь
У Літву 29 ліпеня прыбыла дэлегацыя МЗС Іраку з дыпламатычна-консульскай місіяй. Візіт адбываецца ў сувязі з узмацненнем патоку мігрантаў з гэтай краіны, якія перабіраюцца праз мяжу з Беларуссю, піша МЗС Літвы, і працягнецца да 31 ліпеня.
«Гэтая сустрэча з’яўляецца часткай доўгага працэсу па прадухіленні нерэгулярных міграцыйных патокаў. Шлях да вынікаў не з’яўляецца ні кароткім, ні лёгкім», – сказаў міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбергіс.
Усяго на мяжы сёлета затрымалі 3145 мігрантаў. Літоўскае кіраўніцтва абвінавачвае ў рэзкім павелічэнні патоку мігрантаў афіцыйны Менск і асабіста Лукашэнку. У Літве заяўляюць, што абсалютная большасць мігрантаў трапляе ў Беларусь самалётамі з Багдаду, а потым перапраўляецца ў Літву.
Фота: urm.lt